Мінск 16:24

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў падоўжыў мандат дэлегацыі дэмсіл Беларусі да канца 2027 года

Сесія Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў 28 кастрычніка 2025 года ў Страсбургу. За трыбунай — генсакратар Савета Еўропы Ален Берсэ, выступае кіраўніца дэлегацыі дэмсіл Беларусі Ірына Халопіца (на экране)
Фота: "Позірк"

20 снежня, Позірк. Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) у рамках Савета Еўропы 15 снежня падоўжыў мандат дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі да канца 2027 года.

Гэта вынікае з ацэнкі мінулага ўдзелу прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл у працы Кангрэса, якая ўтрымлівае праект рашэння Бюро КМРУ (фінальны варыянт яшчэ не апублікаваны).

Інфармацыю таксама пацвердзіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнай антыкрызіснай управы, член Каардынацыйнай рады (КР) Павел Латушка, выступаючы на ​​сустрэчы “12 прынцыпаў належнага дэмакратычнага ўпраўлення Савета Еўропы”.

Бюро Кангрэса вырашыла “падоўжыць запрашэнне прадстаўнікам беларускіх дэмсіл, ужо прызначаным з ліку членаў КР, выбраных 25–27 траўня 2024 года, для ўдзелу ў яго 50-й сесіі”; прапанаваць КР прызначыць з ліку членаў, якія будуць абраныя ў траўні 2026-га, трох прадстаўнікоў “для ўдзелу ў наступных сесіях Кангрэса і яго палат, <…> а таксама ў пасяджэннях камітэтаў, якія праводзяцца ў рамках гэтых сесій (таксама могуць быць прызначаныя тры запасныя)”.

Згодна з рашэннем, прадстаўнікі дэмсіл Беларусі “могуць удзельнічаць у пасяджэннях палітычных груп Кангрэса па меркаванні саміх груп і ў адпаведнасці з умовамі, вызначанымі групамі”, “могуць быць уключаныя ў місіі па назіранні за выбарамі”.

“Бюро падвядзе вынікі выканання гэтага рашэння ў снежні 2027 года, або раней, калі палічыць гэта неабходным, з мэтай, пры неабходнасці, яго падаўжэння або змянення, або спынення вышэйназваных пагадненняў”, — адзначана ў дакуменце.

Латушка на згаданай вышэй сустрэчы падзякаваў КМРУ “за фармалізаванае рашэнне ад 15 снежня падоўжыць мандат дэлегацыі беларускіх дэмсіл <…> на наступныя два гады”. “Гэта для нас вельмі важна і матывуе на далейшую працу. Хацеў бы падзякаваць за “зялёнае святло” на ўдзел прадстаўнікоў КР у назіранні за мясцовымі выбарамі ў краінах — членах Савета Еўропы. Гэта будзе для нас унікальны досвед, які мы зможам пераняць для будучых дэмакратычных выбараў у Беларусі”, — сказаў палітык.

Паводле інфармацыі прэс-службы КМРУ, у гэтым месяцы адбылася серыя анлайн-семінараў, скіраваная на “падтрымку намаганняў беларускіх дэмсіл і грамадзянскай супольнасці па пераўтварэнні сістэмы мясцовага самакіравання ў будучай дэмакратычнай Беларусі”.

Адзначаецца, што 2 снежня прайшла сустрэча “Канцэпцыі і мадэлі мясцовага самакіравання і шляхі пераходу да дэмакратычнай сістэмы”, 17 снежня — “Дэмакратычны ўдзел і выкарыстанне інструментаў электроннай дэмакратыі”, 18 снежня — “12 прынцыпаў належнага дэмакратычнага ўпраўлення Савета Еўропы”.

“Праз гэтыя ініцыятывы Кангрэс пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы беларускіх дэмсіл у пабудове сістэмы кіравання для новай Беларусі, якая ўмацоўвае вяршэнства права і забяспечвае абарону правоў чалавека на мясцовым узроўні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што дэлегацыя беларускіх дэмсіл працягне працу, журналістам 30 кастрычніка ў Страсбургу (Францыя) паведаміў прэзідэнт КМРУ Марк Кулс. На пытанне “Позірку”, ці будзе падоўжаны мандат дэлегацыі на наступны тэрмін, кіраўнік арганізацыі адказаў: “Так, ён будзе падоўжаны. З гэтым праблем не будзе”. На ўдакладненне, ці існуе шанец, што правы дэлегацыі, якая ў адпаведнасці з цяперашнім статусам не можа галасаваць, будуць пашыраныя, Кулс заявіў, што гэта немагчыма.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Савета Еўропы, з’яўляецца яе трэцяй асноўнай інстытуцыяй (апрача Камітэта міністраў і ПАСЕ), куды ўваходзяць губернатары, мэры, лідары мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

Мандат дэмсіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў будзе падоўжаны, магчымыя новыя дэбаты па Беларусі — прэзідэнт арганізацыі

30 кастрычніка, Позірк. Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) "вельмі добра арганізаваная", заявіў на брыфінгу 30 кастрычніка прэзідэнт КМРУ Марк Кулс. На пытанне "Позірку", ці будзе падоўжаны мандат гэтай дэлегацыі на наступны тэрмін, кіраўнік арганізацыі …
Падзяліцца: