Мінск 21:00

У “спіс экстрэмістаў” дададзена яшчэ 32 чалавекі, у тым ліку пяць палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: Ron Dyar / unsplash.com

20 снежня, Позірк. У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, дададзена яшчэ 32 чалавекі. Цяпер у размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў пераліку 6.116 пазіцый.

Усе ўнесеныя ў спіс грамадзяне асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу, аднак толькі пяць з іх мае статус палітвязня. Гэта пазначаныя прыпіскай “адбывае пакаранне” Ганна Багінская (ч. 1 і 2 арт. 3614 КК; тэрмін невядомы), Дзмітрый Рожын (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 3614; 3 гады пазбаўлення волі), Антон Раван (ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 130; 4 гады), Максім Ралько (ч. 2 арт. 3614, ч. 3 арт. 3611, ч. 2 арт. 285, арт. 3615, ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 1 арт. 357; 10 гадоў), а таксама Кірыл Краўцоў (ч. 1 і 2 арт. 3614; падрабязнасцяў выраку няма) з пазнакай “судзімасць не пагашаная”.

У пераліку таксама фігуруюць былыя палітвязні — Вольга Ціхановіч (ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361), насупраць прозвішча якой значыцца, што яна вызваленая ад адказнасці “ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў прыцягнення”, а таксама Дзмітрый Доўгаль (ч. 1 і 2 арт. 3614 КК) з пазнакай “адбывае пакаранне”. Адметна, што, паводле звестак праваабаронцаў, абодва яны вызваленыя.

З пазнакай “адбывае пакаранне” ў спісе фігуруюць Андрэй Цішкоў, Кірыл Вычараў, Сяргей Мурашка, Дзмітрый Карнейчык, Антон Макараў, Ягор Дылянок, Андрэй Янковіч, Андрэй Стасюкевіч (усе — ч. 1 і 2 арт. 3614 КК), Эльдар Гасымаў (ч. 1 арт. 3614), Міхаіл Лобараў (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, арт. 369) і Уладзімір Мелікаеў (ч. 1 арт. 130).

З пазнакай “судзімасць не пагашаная” — Наталля Каляда, Кацярына Каляснёва, Любоў Рагожкіна, Кацярына Клімашэўская, Яўген Берташ (усе — ч. 1 і 2 арт. 3614), Алена Саўчэня (ч. 1 арт. 3614), Ілля Богдан (ч. 1 арт. 342, ч. 1 і 2 арт. 3614).

Акрамя таго, як асобы, што “абвешчаныя ў вышук”, у пералік унесеныя асуджаныя па справе фондаў салідарнасці — экс-кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонду By_Help Аляксей Лявончык, адзін са стваральнікаў лічбавай платформы “Новая Беларусь” Яраслаў Ліхачэўскі, сузаснавальнік BySol Аляксей Кузьмянкоў, кіраўнік Беларускага моладзевага хаба (Варшава) Аляксандр Лапко (усе — ч. 1 і 2 арт. 3611, ч. 1 і 2 арт. 342, ч. 2 арт. 3612, ч. 3 арт. 361, арт. 369, ч. 3 арт. 130, ч. 2 арт. 367, арт. 3691, ч. 1 і 2 арт. 368, арт. 370, ч. 2 арт. 3614, ч. 2 арт. 3613, ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 356, ч. 2 арт. 2901, ч. 1 арт. 2891), а таксама актывістка і блогер Аляксандра Жук і ІТ-прадпрымальнік Аляксандр Падгорны (тыя ж артыкулы, акрамя ч. 2 арт. 3611).

Даведка “Позірку”:

  • арт. 14 — замах на злачынства;
  • арт. 16 — саўдзел у злачынстве;
  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 285 — стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй;
  • арт. 2891 — прапаганда тэрарызму;
  • арт. 2901 — фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 356 — здрада дзяржаве;
  • арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3615 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку таго, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку таго, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 370 — знявага дзяржаўных сімвалаў.
Падзяліцца: