Мінск 12:28

За двое сутак на пажарах у Беларусі загінула восем чалавек

Фота: pixabay.com

21 снежня, Позірк. Восем чалавек загінула ад агню ў Беларусі за двое сутак, вынікае з аператыўнай інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У зводцы за мінулы дзяжурныя суткі (з 6:00 20 снежня па 6:00 21 снежня) гаворыцца пра дзве ахвяры.

20 снежня ў 10.37 у МНС паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры на трэцім паверсе сяміпавярховага жылога дома ў Касцюковічах (Магілёўская вобласць). Ад агню там загінуў гаспадар жылля 1965 года нараджэння.

У ноч на 21 снежня ўзгаранне адбылося ў жылым доме ў вёсцы Сасноўка Віцебскага раёна. На месцы здарэння знойдзена цела мужчыны. Узрост загінулага не паведамляецца.

У папярэдняй аналагічнай зводцы паведамлялася пра шэсць загінулых.

У выніку пажару ў лазні на тэрыторыі прыватнага домаўладання ў аграгарадку Альгова Віцебскага раёна загінуў сын гаспадара нерухомасці (1984 г.н.).

У пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна (Мінская вобласць) на пажары ў гаражы загінула двое мужчын (1959 і 1980 г.н.).

Узгаранне ў жылым доме ў вёсцы Шапуры Віцебскага раёна прывяло да смерці гаспадыні (1958 г.н.) і яе сына (1986 г.н.).

Мужчына (1985 г.н.) знойдзены ў загарэлым доме ў вёсцы Доўгае Чэрыкаўскага раёна (Магілёўская вобласць).

З пачатку года, паводле звестак МНС, ахвярамі пажараў у Беларусі стаў 501 чалавек (год таму на гэтую ж дату — 519, зніжэнне на 3,5%). Пры гэтым колькасць пажараў узрасла на 2,1% — з 5.992 да 6.118.

“Позірк” неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння (папярэдні выпадак — 5 кастрычніка).

Згодна з тлумачэннем ведамства, часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца, што смерць наступіла не з-за пажару. Наадварот, як заявіла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля таго, як чалавек памёр.

Падзяліцца: