Мінск 15:20

Інстаграм-акаўнт часопіса CityDog і сайт moyby.com прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі“

Ілюстрацыя: pixabay.com

25 снежня, Позірк. Рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да двух незалежных СМІ прынялі 23 снежня беларускія суды, вынікае з абноўленага Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Суд Савецкага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” інстаграм-старонку анлайн-часопіса CityDog, суд Ленінскага раёна Брэста — сайт moyby.com (Мой.by. Новости Беларуси).

CityDog пазіцыянуе сябе як “часопіс пра Мінск, Беларусь і беларусаў па ўсім свеце”.

Moyby.com — агрэгатар навін пра падзеі ў Беларусі і свеце, свайго кантэнту не вырабляе.

Днём раней, 22 снежня, суд Уздзенскага раёна Мінскай вобласці прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” цікток-акаўнт былой палітзняволенай Кіры Баярэнкі. Вясной 2025 года Камітэт дзяржбяспекі назваў Баярэнку сярод тых, хто мае дачыненне да “экстрэмісцкага фарміравання“ “Беларуская грэнадзёрская Харугва“.

У 2022 годзе “Позірк“ браў у актывісткі інтэрв’ю.

22 снежня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” гадзінны відэафільм “Шматвектарны. Лукашэнка і Расія: ад кахання да нянавісці… і назад”. Яго размясціў 27 лістапада на сваім ютуб-канале (530 тыс. падпісчыкаў) расійскі відэаблогер Аляксандр Штэфанаў (нарадзіўся ў Маскве, дзяцінства правёў у Віцебску). У фільма 635 тыс. праглядаў.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў разросся да 1922 старонак. Туды ўключаецца ўсё, што беларускія ўлады заўважылі нелаяльнага ў электронным і друкаваным выглядзе.

Падзяліцца: