Мінск 12:16

Беларускі навуковец прапануе пераняць “агрэсіўную навукова-тэхнічную палітыку” Японіі

Фота: Fumiaki Hayashi / unsplash.com

28 снежня, Позірк. Пераняць “агрэсіўную навукова-тэхнічную палітыку” (НТП) Японіі прапануе доктар гістарычных навук прафесар Міхаіл Стралец у артыкуле для навукова-практычнага часопіса “Финансы. Учет. Аудит” (заснавальнікі — Міністэрства фінансаў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, “Белдзяржстрах”).

“Усебаковая падтрымка кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу, якія з’яўляюцца базай для адной з наймоцных эканомік, забяспечвае ўстойлівае ўзнаўленне ноу-хау ў Японіі. Хоць і з улікам мясцовых рэалій, аналагічным шляхам трэба ісці і Беларусі. Верагодна, альтэрнатыў у нас і зусім няма”, — піша навуковец.

Адной з найважнейшых характарыстык японскай мадэлі аўтар называе стабільнае фінансаванне і высокі ўзровень выдаткаў на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы (НДДКР). Японія ўваходзіць у топ-5 краін свету па долі выдаткаў на навуку (3,1% ВУП у 2020 годзе; у Беларусі — 0,5%). Дзяржава стымулюе стварэнне рэгіянальных “кластараў ведаў”, якія аб’ядноўваюць навуку з індустрыяй.

Падтрымку чалавечага капіталу Стралец назваў “яшчэ адным краевугольным каменем досведу дзяржавы, дзе паслядоўна ўзмацняюцца меры па стымуляванні з’яўлення талентаў”. У 2023 годзе японскі ўрад распачаў рэалізацыю “маштабных праграм дапамогі універсітэцкай навуцы”. У бліжэйшы час краіна мае намер патроіць колькасць дактарантаў і павялічыць на 10% колькасць маладых (да 39 гадоў) навукоўцаў на поўных стаўках у ВНУ.

Беларускай навуцы, перакананы 66-гадовы прафесар, “неабходны прыток свежай крыві”. “Тут неацэнныя рашэнні Японіі па стварэнні стымулаў для навукоўцаў. Напрыклад, трохразовае павелічэнне колькасці аспіранцкіх стыпендый і грантаў, як зроблена ў аналізаванай краіне, палепшыць сітуацыю з падрыхтоўкай спецыялістаў і ў нас”, — лічыць аўтар.

“Яшчэ адным перспектыўным напрамкам” Стралец назваў “вяртанне талентаў”: “Японія стымулюе рэлакацыю спецыялістаў, якія навучаліся за мяжой. Праца з “дыяспарай” (у двукоссях у арыгінале. — “Позірк“.) актуальная і для Беларусі ў кантэксце ўцечкі мазгоў, якая адбылася раней”.

На думку прафесара, дасць эфект і міжнародная інтэграцыя. “Канкрэтным крокам тут стане пашырэнне супрацоўніцтва з Японіяй: арганізацыя сумесных навуковых цэнтраў або лабараторый (напрыклад, па нанаматэрыялах, агратэхналогіях або радыяцыйнай медыцыне), абмен аспірантамі і стажорамі, правядзенне двухбаковых форумаў”, — прапануе навуковец.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: