Мінск 20:06

За 20 месяцаў на ўкраінскіх анлайн-пляцоўках забаранілі продаж больш як 10 тыс. найменняў кніг з РФ і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey / unsplash.com

1 студзеня, Позірк. З траўня 2024 года больш за 10 тыс. найменняў прадукцыі, выдадзенай у Расіі і Беларусі, забаранілі прадаваць на розных украінскіх інтэрнэт-пляцоўках, паведаміў Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны (Дзяржкамтэлерадыё), падводзячы вынікі 2025-га.

Паводле інфармацыі ведамства, у снежні выяўленыя факты “незаконнага размяшчэння інтэрнэт-крамамі “Розумна Книга” і LiderBooks на маркетплэйсе Prom.ua і створаных на яго платформе вэбсайтах, а таксама інтэрнэт-крамай RBP-Books на маркетплэйсе ROZETKA.UA камерцыйных прапаноў па продажы 235 найменняў выдавецкай прадукцыі дзяржавы-агрэсара і Рэспублікі Беларусь”.

“Ва ўзаемадзеянні з адміністрацыямі названых анлайн-платформ выяўленыя таварныя пазіцыі выдаленыя, а суб’ектам электроннай камерцыі накіраванае папярэджанне пра недапушчальнасць парушаць патрабаванні ўкраінскага заканадаўства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Разам з тым у мінулым месяцы ўладальнікі кніжных інтэрнэт-крам “Ваенка” і Storinkabook “аператыўна адрэагавалі на пісьмовыя папярэджанні Дзяржкамтэлерадыё і самастойна выдалілі з уласных вэбсайтаў выяўленыя камерцыйныя прапановы па продажы забароненай выдавецкай прадукцыі”.

Якая доля кніг з Беларусі, вынятых з продажу ў снежні 2025 года і за 20 месяцаў агулам, не ўдакладняецца.

У чэрвені 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон “Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны аб усталяванні абмежаванняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Украіны”. Палажэнні дакумента былі імплементаваныя ў арт. 281 закона “Аб выдавецкай справе”, на якую спасылаецца Дзяржкамтэлерадыё.

Сярод іншага Дзяржкамітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны вядзе “маніторынг выдавецкай сферы дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаваных тэрыторый Украіны” на прадмет выпуску “антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі”. Звесткі пра такую прадукцыю ўносяцца ў “пералік кніжных выданняў, змест якіх скіраваны на ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйсненне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека”.

На 10 снежня 2025 года ў гэтым спісе фігуравала 628 выданняў, але, згодна з праведзеным Позіркам аналізам, аніводнага з Беларусі. У самой Украіне выдадзена 7; сумесна ў РФ і Украіне — 2; у “асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” і “часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым” — па 4; у Італіі, Францыі і на “часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці” — па 1; астатнія — у Расіі.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: