Мінск 23:18

Стрыжак аб’явіў аб запуску новай ініцыятывы дапамогі

Архіўнае фота: "Позірк"

2 студзеня, Позірк. Аб запуску “новай ініцыятывы дапамогі BELAID” абвясціў у сваім тэлеграм-канале 2 студзеня актывіст Андрэй Стрыжак.

“Паводле самых асцярожных ацэнках, за мяжой нашай краіны зараз жыве да паўмільёна беларусаў і беларусак і ўсе гэтыя людзі ствараюць вялікую дыяспару. Таксама нашай дапамогі маюць патрэбу тыя, хто жыве ў Беларусі і трапіў у бяду, — напісаў ён. — BELAID — гэта інструмент культуры салідарнасці, які дасць новыя магчымасці ўзаемадапамогі”.

Стрыжак апісаў новы праект як “дабрачынную платформу ўзаемападтрымкі, якой можна будзе карыстацца ўсім, хто лічыць сябе беларусам”: “Магчымасць папрасіць аб дапамозе будзе ва ўсіх, як унутры, так і за межамі краіны”.

40-гадовы актывіст збірае каманду і шукае фінансаванне. Паводле сцвярджэння Стрыжака, на дадзены момант у яго няма ні таго, ні іншага.

Сваю ініцыятыву ён назваў “новым імем у беларускай салідарнасці”.

21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што на той момант кіраўнік фонду салідарнасці BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам фота інтымнага зместу без іх згоды. Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё“, што ведаюць пра сітуацыю, ім вядома як мінімум пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

У той жа дзень актывіст заявіў, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння ў усіх, каго яны “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць”. Паводле яго сцвярджэння, гэтыя дзеянні “не мелі на ўвазе прымусу, злоўжыванні службовым становішчам, смагі нажывы або чаго-небудзь падобнага”.

З асуджэннем такіх паводзінаў 22 ліпеня выступілі Аб’яднаны пераходны кабінет і камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады, якая запатрабавала правесці праверку.

23 ліпеня BySol паведаміў аб адхіленні Стрыжака ад “кіруючай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый”, а таксама аб пачатку разбору.

24 верасня BySol паведаміў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала поўнасцю спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харасмента”. Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго “празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і паводле працэдуры”.

У выніку было прынятае рашэнне, што Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце“, у прыватнасці, ён не будзе выконваць кіроўных функцый.

Аднак 29 верасня, неўзабаве пасля таго, як шэраг арганізацый аб’явіў аб спыненні супрацоўніцтва з фондам, Стрыжак паведаміў, што пакідае арганізацыю.

Падзяліцца: