Мінск 09:20

Кіраўнік “Белнафтахіма”: Мы даўно адаптуемся да санкцый ЗША, Канады

Ілля Ікан
Фота: belchemoil.by

5 студзеня, Позірк. Санкцыі краін Захаду — гэта “не проста спісы, а складаны механізм з мноствам схаваных нюансаў, якія могуць праявіцца нечакана на любым участку працы“, заявіў старшыня канцэрна “Белнафтахім” Ілля Ікан у інтэрв’ю ведамаснаму выданню (апублікавана 5 студзеня).

“Мы даўно адаптуемся да абмежаванняў з боку ЗША, Канады, шэрагу іншых краін і ведаем, што немагчыма прадугледзець усё“, — цытуе яго “Веснік Белнафтахіма“.

Паводле сцвярджэння Ікана, выбудавана “сістэма пастаяннага маніторынгу новых рашэнняў недружалюбных краін і імгненнага аналізу іх патэнцыйнага ўплыву на кожнае прадпрыемства“: “Менавіта гэтая прэвентыўная праца дазваляе нам пазбягаць самых сур’ёзных невідавочных рызык — ці то раптоўныя складанасці з плацяжамі праз трэція краіны, змяненне правілаў транзіту або блакаванне паставак крытычна важнага абсталявання”.

Найбольш эфектыўнымі ён назваў рашэнні па глыбокай дыверсіфікацыі лагістычных маршрутаў і стварэнні “ўстойлівых альтэрнатыўных ланцужкоў паставак сыравіны і камплектуючых з партнёрамі з дружалюбных краін“.

“Акрамя таго, мы актыўна ўкараняем уласныя інжынерныя і ІТ-рашэнні, што зніжае крытычную залежнасць ад замежных тэхналогій“, — дадаў кіраўнік канцэрна.

Нягледзячы на санкцыі, экспарт прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі ахоплівае 47 краін, сказаў ён: “Мы мэтанакіравана нарошчваем прысутнасць у краінах далёкай дугі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, дзе бачым значны патэнцыял для нашай прадукцыі. Напрыклад, “Гродна Азот” выводзіць свае азотныя ўгнаенні на такія складаныя і канкурэнтныя рынкі, як Бразілія, Мексіка і Кот-Д’івуар. Гомельскі хімічны завод пашырыў геаграфію паставак NPK-угнаенняў за кошт Арменіі, Грузіі, Малдовы і Мексікі, а таксама нарасціўшы аб’ёмы ў Турцыю і таксама ў Кот-Д’Івуар“.

“Наша шынная прадукцыя цяпер прадстаўленая на рынках Бангладэш, Венесуэлы і ПАР. Больш за тое, мы завяршаем працу па арганізацыі паставак грузавых шын у Камерун — першая партыя ўжо запланавана да адпраўкі”, — дадаў Ікан.

Сярод ключавых традыцыйных рынкаў збыту названыя Расія і краіны ЕАЭС. Летась, паводле слоў кіраўніка канцэрна, беларускія НПЗ пачалі перапрацоўваць нафту з РФ паводле давальніцкай схемы: “Нафтапрадукты паступаюць назад у Расею, нешта прадаецца на экспартных рынках“.

Санкцыі ЗША ў дачыненні да арганізацый “Беларускі нафтавы гандлёвы дом“, “Белнафтахім“, “Белнафтахім ЗША“, “Белшына“, “Гродна Азот“, “Гродна Хімвалакно“, “Лакафарба“, “Нафтан“ і “Полацк Шкловалакно” былі прыпыненыя ў 2015 годзе і адноўленыя ў 2021-м з-за парушэнняў уладамі правоў чалавека.

Канада ўвяла абмежаванні ў 2022 годзе ў сувязі з садзейнічаннем Мінска агрэсіі Крамля супраць Украіны.

ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да канцэрна “Белнафтахім” і яго тагачаснага кіраўніцтва ў жніўні 2023 года.

44-гадовы Ікан знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўрасаюза.

Падзяліцца: