Мінск 13:51

У “спіс тэрарыстаў“ унесена два палітвязні

5 студзеня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў у спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, яшчэ двух чалавек.

У пералік унесены прызнаныя палітычнымі зняволенымі Аляксей Ляўкевіч 1987 года нараджэння, асуджаны паводлн арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і Павел Шарко 1989 года нараджэння, асуджаны паводле арт. 2905 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой дзейнасці).

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна“, Ляўкевіч атрымаў у 2025 годзе невядомы тэрмін пазбаўлення волі таксама паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта). Родам з Радашковічаў (Мінская вобласць), ён выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, працаваў у будаўнічай сферы. Гуляў у футбол.

Шарко апроч згаданага КДБ артыкула асуджаны паводле арт. 3613(удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), вынікае з інфармацыі праваабаронцаў. Тэрмін пазбаўлення волі невядомы.

12 снежня Шарко і Ляўкевіч былі ўнесены ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным сярод іншага забаронена атрымліваць грашовыя пераводы. Гэта азначае, што яны не маюць ніякіх грашовых сродкаў у месцах пазбаўлення свабоды і не могуць набываць прадукты ў краме пры калоніі. Гэта стварае для “прызнаных тэрарыстамі” цяжэйшыя ўмовы адбывання пакарання ў параўнанні з іншымі зняволенымі.

Эксперты ААН заклікалі 17 лістапада 2025 года афіцыйны Мінск прывесці нацыянальнае антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

Падзяліцца: