Мінск 11:36

У Беларусі зафіксаваная рэкордная ў 2026 годзе сутачная колькасць ахвяр пажараў

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

12 студзеня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 11 студзеня да 6:00 12 студзеня) ахвярамі пажараў у Беларусі стала 7 чалавек — гэта рэкордная сутачная колькасць у 2026 годзе, сведчаць даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Папярэдняя максімальная сёлета сутачная колькасць была 8 студзеня — 5.

Чатыры чалавекі за мінулыя суткі загінула ў Мінскай вобласці: у Барысаве, Маладзечанскім і Смалявіцкім раёнах — непасрэдна на пажарах, у Смалявіцкім раёне — у бальніцы, ад раней атрыманых на пажары траўмаў.

Па аднаму чалавеку загінула ў Віцебску, Магілёве, а таксама Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Варта адзначыць, што за няпоўныя два тыдні МНС ужо паспела адкарэктаваць колькасць ахвяр пажараў у бок змяншэння. Ад пачатку года было апублікавана 38 паведамленняў пра загінулых, а ў зводнай табліцы на сайце ведамства фігуруе 35 (-1 у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года).

Раней “Позiрк” неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе такім чынам статыстыку смяротнасці на пажарах.

Згодна з тлумачэннем ведамства, часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца, што смерць адбылася не праз пажар. Наадварот, як заявіла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля таго, як чалавек памёр.

Падзяліцца: