Мінск 11:54

За мінулыя суткі на пажарах загінула пяць чалавек, з пачатку года — амаль 50

14 студзеня, Позірк. Пяць чалавек сталі ахвярамі пажараў за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 13 студзеня да 6 гадзін 14 студзеня), паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Два чалавекі загінулі ў Мінску, па адным — у Гродзенскім раёне, Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці.

Выратаваны на пажары адзін чалавек, яшчэ адзін траўмаваны. Эвакуявана 35 чалавек.

Паводле зводкі МНС, агулам за мінулыя суткі здарылася 25 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару. Знішчана два будынкі і дзве адзінкі тэхнікі.

Пашкоджана 13 будынкаў, чатыры адзінкі тэхнікі.

У зводцы МНС пакуль не паведамляюцца падрабязнасці гібелі людзей ад агню ў мінулыя суткі.

Паводле звестак ведамства, з пачатку года здарылася 318 пажараў, 25 з іх — за апошнія суткі. Год таму на гэты дзень іх было 249 (рост на 27,7%). Загінула 48 чалавек (39, +23,1%), траўмавана 26 (20, +30%), выратавана 29 (23, +26,1%).

Пры гэтым, як адзначаў “Позірк“, за няпоўныя два тыдні МНС ужо паспела ў чарговы раз адкарэктаваць колькасць ахвяр пажараў у бок змяншэння (на 3).

Згодна з тлумачэннем ведамства, часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца, што смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: