Мінск 10:44

Армія Латвіі заявіла пра доказы таго, што беларускія сілавікі накіроўваюць мігрантаў да мяжы

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

15 студзеня, Позірк. Інфармацыя, якую маюць вайскоўцы і памежнікі, а таксама асобныя зафіксаваныя выпадкі пацвярджаюць “удзел праваахоўных і вайсковых структур Беларусі ў накіраванні нелегальных мігрантаў да мяжы Латвіі”, паведаміла агенцтва LETA са спасылкай на латвійскія Нацыянальныя ўзброеныя сілы (НУС).

З матэрыялу, які перадрукаваў партал навін Delfi, вынікае, што “выяўленыя выпадкі, якія паказваюць на скаардынаваныя дзеянні, у тым ліку перавозку нелегальных мігрантаў ваенным транспартам Беларусі і ўдзел службовых асоб у арганізацыі спробаў перасячэння мяжы”.

“Падчас правядзення мерапрыемстваў па ахове мяжы ў аднаго з затрыманых нелегальных перасякальнікаў мяжы былі знойдзеныя дакументы і сродкі сувязі, якія належаць беларускаму вайскоўцу, — заявілі НУС. — У ходзе праведзенай праверкі высветлена, што названыя матэрыялы належаць вайскоўцу выведвальнага батальёна 19-й гвардзейскай механізаванай пяхотнай брыгады, якая дыслакавана ў Віцебскай вобласці (в. Заслонава Лепельскага раёна. — “Позірк”.). Дакументы ўключалі ўнутраную дакументацыю вайсковай часці, у тым ліку ўлік выдадзеных матэрыяльна-тэхнічных сродкаў”.

Сцвярджаецца, што ў мабільных прыладах затрыманых замежнікаў “выяўленыя выявы, на якіх адлюстраваныя службовыя асобы пагранічнай службы Беларусі разам з нелегальнымі мігрантамі, у тым ліку ў транспартных сродках вайсковага тыпу”. “Зафіксаваныя выпадкі, калі прадстаўнікі пагранічных структур Беларусі ўдзельнічалі ў дастаўцы імігрантаў да месцаў, адкуль іх накіроўваюць для перасячэння дзяржаўнай мяжы Латвіі”, — гаворыцца ў тэксце.

Акрамя таго, паводле інфармацыі латвійскіх вайскоўцаў, “выяўленыя выпадкі, якія сведчаць пра выкарыстанне нелегальных мігрантаў для збору інфармацыі і пра іншыя элементы гібрыдных пагроз”.

Заяўлена, што НУС і Дзяржаўная памежная ахова Латвіі “рэгулярна фіксуюць праявы радыёэлектроннай барацьбы з боку тэрыторыі Беларусі, якія ўплываюць на працу сістэм сувязі і навігацыі ў прыгранічных раёнах”.

Як паведамляў “Позірк”, у 2025 годзе ў Латвіі зафіксавана больш за 12 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі. “Пікавым” стаў 2023 год, калі на латвійскім участку беларускай мяжы такіх спробаў было крыху менш за 13,9 тыс., у 2024-м іх колькасць упала да 5,3 тыс.

Толькі ў 2022-м, другім годзе міграцыйнага крызісу, колькасць спробаў нелегалаў у Латвію з тэрыторыі Беларусі была найменшай сярод трох суседніх краін ЕС — крыху менш за 5,3 тыс. У 2021-м іх было 4,8 тыс.

У 2026 годзе Латвія пакуль не фіксавала выпадкаў парушэння мяжы з боку Беларусі.

Улады Латвіі неаднаразова падаўжалі ўзмоцнены рэжым аховы, уведзены ў прыграніччы з Беларуссю праз нелегальную міграцыю. У апошні раз — да 30 чэрвеня 2026 года.

Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс летась 29 снежня заявіў, што нелегальная міграцыя на мяжы з Беларуссю “ненатуральнага паходжання”, таму змены рэжыму аховы магчымыя толькі ў тым выпадку, калі Мінск “вырашыць спыніць гэты ціск”.

Падзяліцца: