Мінск 11:00

У Мінску затрыманыя тры чалавекі, якія арганізавалі “шэрую” схему легалізацыі грамадзян з Азіі — МУС

Відэа: МУС Стоп-кадр: "Позірк"

16 студзеня, Позірк. Пра затрыманьне ў Мінску двух замежнікаў і беларускі, якія арганізавалі “шэрую” схему легалізацыі ў Беларусі грамадзян з Азіі, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле слоў прадстаўніка ГУБАЗіК МУС Уладзіміра Гарагляда, фігуранты “аказвалі садзейнічанне мігрантам у незаконным уездзе і знаходжанні” на тэрыторыі Беларусі. Яны “выраблялі і падавалі ў дзяржустановы загадзя падробленыя дакументы як ад фіктыўных, так і ад рэальных працадаўцаў”.

Такім чынам, забяспечвалася атрыманне мігрантамі віз і дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.

“Папярэдне ўстаноўлена больш за 100 замежнікаў, якія скарысталіся паслугамі гэтых пасярэднікаў, — адзначыў Гарагляд. — Многія з іх працавалі тут таксістамі, падсобнымі рабочымі на рынках і прадпрыемствах грамадскага харчавання. За свае паслугі аферысты атрымлівалі грашовую ўзнагароду ў памеры 200–250 долараў з чалавека, а таксама штомесячны “падатак” у памеры да 250 рублёў з кожнага”.

Распачатая крымінальная справа за “арганізацыю канала незаконнай міграцыі”, сказаў прадстаўнік ведамства.

Падчас ператрусаў па месцах пражывання фігурантаў і ў офісах канфіскаваныя “электронныя носьбіты, дакументы фінансава-гаспадарчай і іншай дзейнасці”.

“Нелегалаў чакае выдварэнне з краіны. Устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі злачыннай схемы”, — заявіў Гарагляд.

9 жніўня 2025 года МУС паведамляла аб затрыманні ў Мінску “раней судзімых мужа і жонкі, а таксама 70 нелегалаў”.

Паводле даных міліцыі, 43-гадовая жанчына і 44-гадовы мужчына з траўня па ліпень 2025 года “аказвалі дапамогу грамадзянам трэціх краін у незаконным уездзе і знаходжанні на тэрыторыі Беларусі”. За свае паслугі “фігуранты атрымлівалі грашовую ўзнагароду ад 50 да 100 долараў ад кожнага кліента”.

“Замежнікі выкарыстоўвалі тэрыторыю нашай краіны для часовага пражывання і нелегальнага працаўладкавання, а таксама для далейшага руху ў краіны Еўрасаюза”, — заяўляла МУС.

Паводле сцвярджэння МУС, за сем месяцаў 2025 года з Беларусі выправаджана амаль 3 тыс. замежнікаў і асоб без грамадзянства.

За пяць гадоў урад Беларусі мае намер прыцягнуць на рынак працы не менш за 50 тыс. мігрантаў, гаворыцца ў дзяржаўнай праграме “Збалансаваны рынак працы” на 2026–2030 гады.

Гл. таксама:

Колькасць вакансій для замежнікаў вырасла за паўтара тыдня на 18%

Падзяліцца: