Мінск 19:50

Буйны пажар з выбухамі ў Брэсце — верагодна, гарыць склад піратэхнікі

Калаж: brestcity.com

18 студзеня, Позірк. Пра пажар у горадзе паведамляе тэлеграм-канал Брэсцкага гарвыканкама.

Паводле папярэдняй інфармацыі, “прама цяпер на вуліцы Смірнова, 159 гарыць склад піратэхнікі”, гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пажар тушаць супрацоўнікі МНС.

“Падрабязнасці высвятляюцца”, — паведамляе тэлеграм-канал.

Аб буйным пажары ў Брэсце таксама паведамляюць мясцовыя СМІ. Паводле іх звестак, пажар суправаджаецца выбухамі піратэхнікі, якая гарыць.

“Жыхары Брэста чуюць тое, што адбываецца, ледзь не з усіх канцоў горада. Кажуць, было мінімум два моцныя хлапкі і некалькі больш дробных. Магчыма, гарыць і выбухае піратэхніка, прынамсі па апісанні вельмі на гэта падобна”, — паведамляе, у прыватнасці, партал virtualbrest.ru.

За мінулыя суткі ад агню загінула восем чалавек, паведаміла раней МНС. Гэта паўтарэнне рэкордных паказчыкаў з пачатку года, раней столькі смерцяў фіксавалася 16 і 13 студзеня.

Паводле звестак МНС, з пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 508 пажараў (+70,5% да аналагічнага перыяду 2025-га, калі было 298), ад агню загінула 70 чалавек (+59,1%; 44), траўмавана — 33 (+50%, 22), выратавана — 33 (+73,7%; 19).

Пры гэтым ведамства працягвае карэктаваць статыстыку смяротнасці ў бок змяншэння. Апошні такі выпадак зафіксаваны 17 студзеня.

Раней МНС тлумачыла перыядычную карэкціроўку даных тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, як заяўляла ведамства, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: