Мінск 16:43

Пракуроры Мінскай вобласці з 2021 года накіравалі ў суды больш як 1,4 тыс. заяў аб прызнанні матэрыялаў “экстрэмісцкімі”

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

19 студзеня, Позірк. У 2025 годзе пракуроры Мінскай вобласці накіравалі ў суды 334 заявы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, паведамляе прэс-служба нагляднага органа.

Агулам за 2021–2025 гады органы пракуратуры Мінскай вобласці накіравалі ў суды звыш 1,4 тыс. такіх заяў.

“Актыўную працу па выяўленні інфармацыі дэструктыўнага характару і матэрыялаў экстрэмісцкай скіраванасці праводзяць раённыя пракуратуры, — гаворыцца ў паведамленні. — Напрыклад, пракурор Пухавіцкага раёна ў 2025 годзе накіраваў у суд 61 заяву аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі”.

Акрамя таго, падчас маніторынгу інтэрнэту пракуратура згаданага раёна выявіла ў тэлеграм-супольнасці відэаматэрыялы, скіраваныя на “абразу, падрыў аўтарытэту і іміджу кіраўніка дзяржавы”. Па выніках даследчай праверкі, раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу, адзначае ведамства.

Падчас маніторынгу “удзельнікаў і актыўных карыстальнікам публічнага тэлеграм-канала для зносін у сетцы” “Пухавіцкі раён LIVE чат” пракуратура раёна “выявіла дачыненне” мясцовага жыхара да “арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” (распачатая крымінальная справа).

“Экстрэмісцкія” артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў пасля падзей 2020 года актыўна выкарыстоўваюцца ўладамі для палітычнага пераследу грамадзян.

У дакладзе праваабарончых арганізацый Article 19 і Human Constanta, апублікаваным 7 жніўня 2025 года, гаворыцца, што ў Беларусі “амаль любое іншадумства кляймуюць як “экстрэмізм” або “тэрарызм”, гэта стала “асноўным інструментам рэпрэсій”. Аўтары дакумента звярнулі ўвагу, што ў Беларусі пераслед “часта прымае абсурдныя формы — песні, мемы і анімэ рэгулярна лічацца праявамі экстрэмізму”.

Падзяліцца: