Мінск 19:41

Полк Каліноўскага паведаміў пра гібель добраахвотніка Аляксея Лазарава

Фота: ПКК

21 студзеня, Позірк. Пра гібель беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава (пазыўны “Вуж”) паведаміў 21 студзеня полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК).

Загінулы добраахвотнік “быў адным з першых беларусаў, хто стаў на абарону Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання”, гаворыцца ў паведамленні. Яго баявы шлях пачаўся ў першай беларускай роце, якая “стала асновай палка Каліноўскага”.

ПКК адзначыў, што “Вуж” удзельнічаў у баях за Кіеў, кампаніі па вызваленні Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей, бітвах на Луганскім і Данецкім напрамках, працаваў у многіх гарачых кропках на лініі фронту. Лазараў загінуў, ваюючы ў шэрагах 225-га асобнага штурмавога батальёна.

У мужчыны засталася жонка Вераніка, якую ПКК прапануе падтрымаць.

9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК “экстрэмісцкім фарміраваннем” (першапачаткова — у верасні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га). 25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”. У адказ на гэта полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Улады ў Мінску жорстка пераследуюць за любую дапамогу гэтай структуры і нават намер яе аказаць, жаданне ўступіць у полк.

На баку Украіны ваюе яшчэ некалькі беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў.

 У лістападзе мінулага года кіраўніца місіі дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна паведаміла, што ў баях супраць Расіі загінула “каля сотні” беларусаў.

Дакладных звестак аб колькасці загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў няма. Раней СМІ паведамлялі, што ў баях супраць РФ загінула каля 70 беларусаў.

Падзяліцца: