Мінск 19:41

Савет Рэспублікі ўхваліў пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і Аманам

21 студзеня, Позірк. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) ухваліў 21 студзеня праект закона “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і урадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз”. Пра гэта паведамляе прэс-служба СР НС.

Пагадненне ўстанаўлівае бязвізавы ўезд для грамадзян Беларусі ў Аман і наадварот на падставе нацыянальных пашпартоў на тэрмін да 30 дзён з даты ўезду. Пры гэтым агульны тэрмін бязвізавага знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён у годзе.

Закон, які ратыфікуе пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і Аманам, прынялі 13 студзеня ў адным чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Міжурадавае пагадненне аб узаемным скасаванні віз заключанае 6 кастрычніка 2025 года ў Мінску ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і султана гэтай арабскай краіны Хайсама бін Тарыка аль Саіда.

Дакумент падпісалі міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго аманскі калега Бадр бін Хамад бін Хамуд аль Бусаідзі.

“Дзякуючы сумесна прынятым рашэнням аб аблягчэнні візавых патрабаванняў і запуску прамых авіязносін з лютага 2025 года ўжо звыш 1,7 тыс. беларусаў наведалі вашу цудоўную краіну, разлічваем на сустрэчную плынь аманскіх гасцей”, — заяўляў Лукашэнка.

Лукашэнка знаходзіўся ў Амане з працоўным візітам у снежні 2024 года. На сустрэчы з султанам ён абмеркаваў “стан і перспектывы развіцця стасункаў”. Беларускі палітык заявіў, што Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковай супрацы.

14 снежня 2024 года паведамлялася, што для грамадзян Беларусі пачала дзейнічаць працэдура спрошчанага ўезду ў Аман. Без візы ў краіне можна знаходзіцца не больш за 14 дзён. Тады ж стала вядома пра тое, што паміж Беларуссю і Аманам будуць наладжаныя прамыя авіязносіны. 1 кастрычніка 2025-га Лукашэнка сваім указам ухваліў праект пагаднення з Аманам аб узаемным скасаванні віз.

19 траўня 2025 года Лукашэнка, прымаючы ў Мінску спадкаемнага прынца, міністра культуры, моладзі і спорту Амана Зеязіна бін Хайсама аль Саіда, заявіў, што Беларусь сярод іншага зацікаўленая ў партовай інфраструктуры гэтай дзяржавы.

16 чэрвеня Рыжанкоў і аль Бусаідзі па тэлефоне абмеркавалі “шырокае кола пытанняў” двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.

Падзяліцца: