Мінск 23:09

Латвійскія тэлеканалы будуць паказваць рэкламу падчас выступленняў беларусаў на Алімпіядзе

Фота: сайт МАК

21 студзеня, Позірк. Тэлеканалы латвійскага медыяхолдынга TV3 Group не будуць паведамляць сваім гледачам аб удзеле ў зімовых Алімпійскіх гульнях спартсменаў з Расіі і Беларусі, паведаміў агенцтву LETA дырэктар спартыўных праграм платформы Go3 Томс Цырцэніс.

Паводле яго слоў, якія перадае партал 1188.lv, з першых дзён вайны ва Украіне медыяхолдынг адкрыта выступае супраць расійскай агрэсіі і “лічыць няправільным акцэнтаваць увагу на выступленнях нейтральных спартсменаў з краін-агрэсараў”. Такая пазіцыя з’яўляецца сумленнай у адносінах да аўдыторыі, падкрэсліў Цырцэніс.

З гэтай прычыны для запланаваных рэкламных паўз падчас трансляцыі Алімпіяды будзе выкарыстоўвацца час выступленняў расіян і беларусаў, сказаў медыяменеджар.

Раней паведамлялася, што на Алімпіядзе ў нейтральным статусе выступяць сем беларускіх спартсменаў: Марыя Шканава (гарналыжны спорт), Марына Зуева (канькабежны спорт), Ганна Каралёва (лыжныя гонкі), Вікторыя Сафонава (фігурнае катанне), Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава (усе — фрыстайл).

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года ў італьянскіх гарадах Мілан і Корціна-д’Ампеца.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты (17 чалавек), якія выступалі ў нейтральным статусе, заваявалі чатыры медалі — залаты, два срэбныя і бронзавы, заняўшы 50-е месца ў неафіцыйным заліку.

Падзяліцца: