Мінск 23:26

Латушка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю ўдавы Васіля Быкава

Ірына Быкава
Фота: "Радыё Свабода"

21 студзеня, Позірк. Спачуванні ў сувязі са смерцю Ірыны Быкавай — удавы класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава — выказаў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, экс-міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

“Меў вялікі гонар пазнаёміцца з ёй асабіста падчас працы міністрам культуры. Буду ўсё жыццё памятаць нашы сустрэчы ў кватэры выбітнага беларуса — Васіля Уладзіміравіча Быкава”, — адзначыў Латушка.

“Размовы з ёй аб захаванні архіва і асабістых рэчаў беларускага пісьменніка. Нам удалося як мінімум гэта ўсё апісаць сіламі супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Важна таксама, што нам удалося з ёй узгадніць і дамагчыся адкрыцця няхай маленькага, але ўсё ж такі дзяржаўнага музея Васіля Быкава ў Ждановічах”, — дадаў палітык.

Паводле слоў Латушкі, падчас аднаго з наведванняў лецішча пісьменніка ў Ждановічах (Мінскі раён) паміж ім і Ірынай Быкавай адбыўся дыялог, які ён “ніколі не забудзе”.

“Ірына Міхайлаўна мне тады сказала: “Вы ведаеце, адну рэч вы, напэўна, не зможаце экспанаваць у будучым музеі”. Я запытаўся ў яе: “А якую?” Яна паглядзела на мяне і сказала: “Бел-чырвона-белы сцяг, якім была пакрыта труна Васіля”. Я памаўчаў і адказаў ёй: “Так, вы маеце рацыю, што сёння сцяг наўрад ці зможа з’явіцца ў экспазіцыі музея, але, як кажуць, рукапісы не гараць — так і экспанаты не гараць. Перадавайце гэты сцяг, напэўна, прыйдзе час, калі ён знойдзе сваё месца ў экспазіцыі музея”.

“Ірына Міхайлаўна — вялікі чалавек, які бараніў спадчыну свайго мужа, выбітнай асобы — Васіля Быкава. Шкада, што пры яе жыцці мы не зрабілі тое, што належыць зрабіць нам. Але мы абавязкова зробім гэта у будучым. Спадчына Быкава павінна быць увекавечана ў манументальных праявах і музейных установах — адпаведных яго вышыні на беларускім нацыянальным Алімпе”, — напісаў Латушка.

Ірына Быкава памерла 21 студзеня 2026 года. Ёй было 99 гадоў.

Падзяліцца: