Мінск 23:45

Да канца студзеня чакаецца істотны прырост колькасці хворых на грып і ВРВІ — санслужба

21 студзеня, Позірк. Да канца студзеня — пачатку лютага чакаецца істотны прырост колькасці хворых на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ), паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (санслужба).

Пры гэтым ужо цяпер адзначаецца павелічэнне колькасці хворых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып, гаворыцца ў паведамленні.

“Сітуацыя заканамерная, яна звязаная з вяртаннем дзяцей і дарослых у калектывы пасля завяршэння навагодніх і калядных святаў. У цяперашні час паказчыкі захворвання знаходзяцца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. <…> Паводле даных лабараторнага маніторынгу, у рэспубліцы адзначаецца актывізацыя цыркуляцыі вірусаў грыпу A (Н3N2) з адзінкавымі выпадкамі выяўлення віруса грыпу B на фоне бягучай цыркуляцыі узбуджальнікаў негрыпозных ВРІ (вірусы парагрыпу, адэнавірусы, рынавірусы, бокапарвавірусы, метапнеўмавірусы, сезонныя каранавірусы, вірус SARS-CoV-2)”, — адзначае санслужба.

Падкрэсліваецца, што грып адрозніваецца цяжкім цячэннем і, акрамя абвастрэння хранічных захворванняў, суправаджаецца высокай рызыкай развіцця ўскладненняў — пнеўманіі, неўралагічных і сардэчна-сасудзістых парушэнняў і інш.

Ускладненні ў большай ступені закранаюць дзяцей ранняга ўзросту, грамадзян старэйшых за 60 гадоў, людзей любога ўзросту, якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі сэрца і лёгкіх, адзначаецца ў паведамленні. Менавіта гэтыя групы асоб павінны ў першачарговым парадку выкарыстоўваць сродкі прафілактыкі грыпу і выконваць усе медычныя прызначэння ў выпадку захворвання на грып.

Медыкі адзначаюць, што для прафілактыкі ВРВІ і грыпу варта скараціць прысутнасць у месцах або на мерапрыемствах з удзелам вялікай колькасці людзей, асабліва калі яны праходзяць у закрытым памяшканні; абмежаваць кантакты з хворымі людзьмі — не наведваць без асаблівай патрэбы паліклінікі і бальніцы, не наведваць, асабліва з дзіцем, хворых сваякоў без выкарыстання сродкаў абароны органаў дыхання; выконваць правілы гігіены рук; рэгулярна і часта праводзіць праветрыванне і вільготную ўборку памяшканняў; рабіць вільготную ачыстку дзіцячых цацак.

У выпадку захворвання варта заставацца дома, пры неабходнасці звярнуцца да ўрача і выконваць усе яго рэкамендацыі.

Падзяліцца: