Мінск 10:58

У 2025 годзе МАРГ выявіла парушэнні ў 87% правераных інтэрнэт-крамах

Ілюстрацыйнае фота: Rupixen / unsplash.com

26 студзеня, Позірк. У 2025 годзе работнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праверылі 295 інтэрнет-крам — парушэнні заканадаўства былі выяўленыя ў 257 з іх (87,1%), паведамляе прэс-служба ведамства.

Парушэннямі названыя продаж тавараў з пераліку “забароненых да рэалізацыі”, “забароненых да ўвозу і продажу”, “забароненых да дыстанцыйнага гандлю”, а таксама “прапановы замежнай валюты”, “прапановы да продажу тавараў, якія маюць прыкметы экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі”.

Летась МАРГ разгледзела “каля 400 зваротаў грамадзян па пытаннях парушэнняў заканадаўства пры здзяйсненні пакупак на маркетплейсах”. У асноўным прэтэнзіі спажыўцоў тычыліся “неналежнай якасці” набытых тавараў, дрэннага абслугоўвання, недакладнай інфармацыі пра тавары, затрымкі з вяртаннямі.

МАРГ падкрэсліла, што кантроль ажыццяўляюць і іншыя дзяржаўныя органы. Так, у 2025 годзе ў сферы стандартызацыі выяўлена 126 найменняў прадукцыі з парушэннямі “абавязковых патрабаванняў, звязаных з заканадаўствам аб ацэнцы адпаведнасці, тэхнічнымі рэгламентамі” ЕАЭС і Беларусі.

У сферы аховы здароўя зафіксавана звыш 700 выпадкаў парушэнняў пры рэалізацыі лекаў, а таксама тавараў з маркіроўкай на замежнай мове, “якія ствараюць падобную назву або знешні выгляд з зарэгістраванымі прэпаратамі”.

У сферы падаткаабкладання “ў дачыненні да маркетплэйсу выяўленыя прыкметы заніжэння падатковай базы па падатку на дададзеную вартасць”.

Мясцовыя органы ўлады зарэгістравалі больш за 850 зваротаў грамадзян “па пытаннях парушэнняў заканадаўства ў дзейнасці інтэрнет-крам”.

22 снежня 2025 года МАРГ запатрабавала ад расійскіх маркетплейсаў “Вайлдберыз” і OZON выключыць з продажу італьянскія макароны.

У ліпені ведамства выявіла на “Вайлдбэрыз” розныя тавары (вокладкі да пашпартоў і налепкі), якія утрымліваюць інфармацыю, што мае прыкметы “экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі”.

У чэрвені МАРГ “накіравала рэкамендацыі” уладальнікам інтэрнэт-пляцоўкі OZON пра выключэнне з продажу “забароненай прадукцыі з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт”.

У лютым — накіравала “Вайлдберыз” патрабаванне спыніць продаж забароненых тавараў (парфумерыя, касметыка ды інш.), “зробленых у краінах, якія ўвялі санкцыі і праводзяць недружалюбную палітыку ў дачыненні да Беларусі”.

Генеральная пракуратура 28 лістапада 2025 года паведаміла пра выяўленне ў адной з мінскіх крам “прадукцыі, звязанай з рэабілітацыяй нацызму”. Да такіх ведамства аднесла ёлачныя цацкі з выявай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Падзяліцца: