Мінск 11:42

“Беларускі пункт нязломнасці” запрацаваў у Кіеве

Фота на старонцы Жаркевіч у "Фэйсбуку"

26 студзеня, Позірк. У Кіеве запрацаваў “Беларускі пункт нязломнасці” — адмыслова абсталяваная лакацыя з магчымасцю абагрэцца і атрымаць базавую дапамогу ў сітуацыі адключэння святла і цяпла, вынікае з паведамлення прадстаўніцы валанцёрскага цэнтра “Сустрэча” Алены Жаркевіч.

Прадстаўніца аб’яднання выказала падзяку ўсім, хто далучыўся да стварэння пункта. Яна таксама падзякавала “за разуменне таго, што адбываецца”, “за салідарнасць і за спачуванне”.

“Беларусы, вы крутыя. Сапраўды, — напісала Жаркевіч на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — Я вельмі добра разумею, што не ўсе могуць прыехаць фізічна. Але я бачу і адчуваю, колькі людзей нас падтрымала — словам, справай, фінансамі і нават проста думкамі. І гэта мае вялікае значэнне”.

“Усталёўваючы гэты намёт, я, як і многія іншыя валанцёры, пачула шмат цёплых слоў у бок беларусаў. Слоў падтрымкі і ўдзячнасці — за тых, хто ваюе, за тых, хто загінуў, за тых, хто сёння сядзіць і хто ўжо адсядзеў за барацьбу з рэжымам, за незалежнасць Беларусі”.

З паведамлення вынікае, што дапамогу ў стварэнні пункта сярод іншых аказалі беларусы, што жывуць у ЗША, Канадзе, Польшчы, Літве, Германіі ды інш.

24 студзеня Жаркевіч паведаміла, што “Сустрэча” атрымала месца для арганізацыі “Беларускага пункта нязломнасці”. Заклік далучыцца да яго стварэння ўпершыню з’явіўся ў тэлеграм-канале арганізацыі ў сярэдзіне студзеня.

Летась у лістападзе Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “Сустрэчу” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: