Мінск 19:06

Амбасада ФРГ у Беларусі пра Халакост: Ніколі больш не павінна паўтарыцца нешта падобнае

Фота: Lidia Stawinska / unsplash.com

27 студзеня, Позірк. 27 студзеня 1945 года Чырвоная Армія вызваліла канцэнтрацыйны лагер Асвенцым (Аўшвіц-Біркенаў), пасля чаго “сталі відавочнымі неймаверныя маштабы зверскіх злачынстваў, здзейсненых нацыянал-сацыялістамі”, гаворыцца ў заяве амбасады Германіі ў Беларусі, прымеркаванай да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту (27 студзеня).

“Горы чамаданаў, якія сёння выстаўленыя ў музеі Аўшвіц-Біркенаў, апавядаюць гісторыю незлічонага мноства загінулых там людзей, — падкрэслілі дыпламаты на старонцы амбасады ў “Фэйсбуку”. — Гэта маўклівыя сведкі пакутаў і віны немцаў, якія нагадваюць нам пра больш за мільён чалавек, забітых у Асвенцыме”.

“Сёння мы ўшаноўваем памяць пра забітых яўрэйскіх жанчын, мужчын і дзяцей, а таксама многія іншыя групы ахвяр: сінці і рома, асобы пад палітычным пераследам, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, гомасэксуалы ды многія іншыя, якім давялося адчуць на сабе тэрор нацыстаў”, — адзначана ў заяве.

Па сканчэнні больш за 80 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны “застаецца ўсё менш відавочцаў тых падзей і ўсё больш павялічваецца колькасць людзей, пазбаўленых сувязі з мінулым”, канстатавала амбасада.

“Успаміны пра гэты цёмны раздзел гісторыі ў той жа час з’яўляюцца стымулам для таго, каб мы заўсёды памяталі пра гэта. Ніколі больш не павінна паўтарыцца нешта падобнае”, — падсумавала нямецкае дыпламатычнае прадстаўніцтва.

Напярэдадні прадстаўнікі амбасадаў Германіі і Ізраіля ўзялі ўдзел у цырымоніі памяці, якая прайшла ў мінскім цэнтры прагрэсіўнага юдаізму “Бейт Сімха”.

27 студзеня амерыканская амбасада паведаміла, што часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Крыдлер ушанаваў памяць ахвяр Мінскага гета ля мемарыяла “Разбіты ачаг” на вул. Сухой.

МЗС Беларусі ў гэты дзень адзначыла, што “ў гады Другой сусветнай вайны беларуская зямля стала месцам масавага знішчэння мірнага насельніцтва”. “У ліку мільёнаў ахвяр генацыду, развязанага нацысцкімі злачынцамі ў Беларусі, — больш за 800 тысяч беларускіх яўрэяў. На нашай зямлі было размешчана каля 600 лагераў смерці, у тым ліку больш за 70 яўрэйскіх гета”, — нагадала знешнепалітычнае ведамства.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што “Халакост стаў адной з самых страшных старонак у гісторыі чалавецтва і назаўжды паказаў, на што здольная ўлада без межаў і адказнасці”.

Падзяліцца: