Мінск 01:12

Зяленскі даручыў прызначыць спецпрадстаўніка для кантактаў з дэмсіламі Беларусі — кіраўнік МЗС Украіны

Андрэй Сібіга
Архіўнае відэа: ТСН / стоп-кадр: "Позірк"

27 студзеня, Позірк. Пра даручэнне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прызначыць спецыяльнага прадстаўніка для кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, паведаміў міністр замежных спраў гэтай краіны Андрэй Сібіга ў апублікаваным 27 студзеня інтэрв’ю “Еўрапейскай праўдзе”.

Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі, дакладная назва пасады яшчэ не вызначаная. Ён мае намер у найбліжэйшы час прадставіць кандыдатуру на разгляд.

Сібіга падкрэсліў, што “беларускі трэк мае патрэбу ў асобнай сістэмнай палітыцы”. “Я прыцягну вашую ўвагу да выступу прэзідэнта Украіны [25 студзеня] у Вільнюсе: амаль траціна прамовы была прысвечаная беларускаму пытанню, — сказаў ён. — І для нас сапраўды важна захоўваць стасункі з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. Мы верым, што надыдзе час, і Беларусь — дэмакратычная Беларусь — стане чацвёртым удзельнікам Люблінскага трыкутніка”.

Пры гэтым украінскі чыноўнік адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка, якога Украіна не лічыць “легітымна абраным прэзідэнтам Беларусі”, мае “панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі”.

“У 2022 годзе ён надаў тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну, — нагадаў Сібіга. — Ракеты ляцелі з іх тэрыторыі. Гэта робіць іх саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны. І цяпер мы бачым новыя элементы падтрымкі расійскай агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны надаюць сваю інфраструктуру для атак украінскай тэрыторыі беспілотнікамі. Я свядома не ўдакладняю дэталі, але мы іх ведаем, кожны такі выпадак фіксуем юрыдычна, натыфікуем ААН пра саўдзел беларускага рэжыму ў агрэсіі і будзем задаваць пытанні пра санкцыі адносна датычных асоб і кампаній — у прыватнасці, уцягнутых у будаўніцтва гэтай інфраструктуры”.

На пытанне, ці адказны Лукашэнка асабіста ці ён “не мае права голасу”, а ўсім кіруе Расія, міністр адказаў: “Цяпер Беларусь ператварылася ў “генерал-губернатарства”. Лукашэнка не суб’ектны і, на жаль, ад гэтага пакутуе ўвесь беларускі народ. У той жа час, рэжым Лукашэнкі і ён асабіста маюць панесці адказнасць за свой саўдзел у расійскай агрэсіі. І для гэтага маюцца ўсе юрыдычныя падставы”.

Пра Святлану Ціханоўскую Сібіга выказаўся такім чынам: “Мы зыходзім з таго, што яна — адна з лідараў дэмакратычных беларускіх сіл. Таму вы ўбачылі яе сустрэчу з прэзідэнтам Зяленскім. Дарэчы, размова была вельмі прадметнай і будзе мець далейшае развіццё. І ў дачыненні да Беларусі нагадаю таксама пра полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, і мы гэта сапраўды шануем”.

Першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы правялі 25 студзеня Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская ў Вільнюсе, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць пра удзельнікаў паўстання 1863–64 гадоў супраць рускага царызму.

Ціханоўская, як паведаміў яе офіс, “ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду, і адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага”.

Дэмлідар падзякавала суразмоўцу за “моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў”, дзе ён заявіў, што “белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі”, што ў 2020 годзе беларусы мелі шанец змяніць краіну, аднак падтрымка іх тады “была недастатковай”. Зяленскі таксама адзначыў, што Беларусь “вымушана існаваць як расейскае генерал-губернатарства”.

Ціханоўская падзякавала прэзідэнту Украіны за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і за тое, што кіраўніцтва Украіны падзяляе беларусаў і рэжым. Яна “асобна згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама [рэйкавых] партызан, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны”.

Палітык “асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў”. Яна падзякавала Зяленскаму і яго каманде, у прыватнасці кіраўніку Офіса прэзідэнта Кірылу Буданаву, за прыём апошняй групы вызваленых палітвязняў (у снежні 2025 года, Буданаў тады ўзначальваў Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны).

“Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку падобнага роду надалей”, — адзначалася ў паведамленні.

Былі закранутыя пытанні санкцыйнай палітыкі, сумеснай стратэгіі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.

Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі, як гэта зрабілі іншыя дэмакратычныя краіны, а таксама больш шчыльную супрацу з місіяй дэмакратычных сіл у Кіеве.

Зяленскі запрасіў Ціханаўскую наведаць украінскую сталіцу. Палітык, як пасля паведаміла яе каманда, запрашэнне прыняла.

Раней Ціханоўская і Зяленскі некалькі разоў сустракаліся на міжнародных мерапрыемствах, але гэтыя сустрэчы ў асноўным абмяжоўваліся ўзаемнымі прывітаннямі.

Падзяліцца: