Выбуху ў дзесяціпавярховіку ў Гомелі папярэднічаў пажар побач з газавай плітой, распачатая крымінальная справа — СК

29 студзеня, Позірк. Па факце выбуху, які адбыўся 17 снежня 2025 года ў дзесяціпавярховіку Гомеля, распачатая крымінальная справа паводле арт. 219 КК (знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці з неасцярожнасці), паведаміў журналістам начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Максім Спрынцын (на падставе відэакаментарыю ў тэлеграм-канале СК).
Папярэдняй прычынай выбуху названая ўспышка газапаветранай сумесі ў кватэры на сёмым паверсе. “Эпіцэнтрам выбуху сталася кухня кватэры № 107. Выбуху папярэднічаў працэс пажару, які ўзнік у кухоннай шафцы, размешчанай побач з газавай плітой”, — сказаў Спрынцын.
Паводле даных комплекснай выбухова-тэхналагічнай экспертызы, “пажар адбываўся ў выглядзе тлення, перайшоў на рыззё і паперу, якія захоўваліся ў шафцы, а пасля на яе сценкі”.
“У выніку працэсаў гарэння быў дэфармаваны і пашкоджаны гнуткі гумовы шланг, які злучаў газавую пліту з магістральным трубаправодам, — паведаміў прадстаўнік СК. — Паколькі вентыль знаходзіўся ў пазіцыі “адчынена”, газ выйшаў вонкі і пачаў канцэнтравацца ў прасторы кухні. У далейшым адбылося яго ўзгаранне і выбух. Немалаважна адзначыць той фактар, што ў кухні адсутнічала належная вентыляцыя, яе канал быў заблакаваны староннім прадметам, а калі больш дакладна — плітой гіпсакардону”.
У выніку выбуху абрынуліся пліты перакрыццяў кватэр.
Пра “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на сёмым паверсе дзесяціпавярховага дома (вул. Косарава, 3) у Гомелі 17 снежня 2025 года паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пазней ведамства заявіла, што ў выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі, пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”.
Аператыўна была праведзена эвакуацыя жыхароў.
Увечары 22 снежня пад абвалам перакрыццяў двух паверхаў было знойдзена цела жанчыны 1968 года нараджэння.
Жыхароў пацярпелага пад’езда рассялілі.
24 снежня паведамлялася, што 31 жыхар пацярпелага ад выбуху дома пражывае ў гомельскім гатэлі “Сож”.
Грамадзянам, якія пажадалі атрымаць грашовую кампенсацыю за жыллё, што было прызнанае аварыйным пасля выбуху, пералічаныя выплаты ў памеры рыначнага кошту іх кватэр, заявіў 21 студзеня 2026 года старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
Паведамлялася таксама, што філіял “Белдзяржстраху” па Гомельскай вобласці ажыццяўляе выплаты страхавой кампенсацыі грамадзянам, якія пражываюць у 3-м — пацярпелым ад выбуху — пад’ездзе. Паралельна працуе камісія гарвыканкама — ацэньваецца шкода, нанесеная маёмасці грамадзян.

- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦэлы тыдзень не фіксуюцца спробы нелегальна перасекчы мяжу ЕС з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаПрадпрыемствы "Белдзяржхарчпрама" пастаўляюць прадукты ў паўсотні краін, сярод найбольш экспартаванага — цукар, дрожджы, алкагольМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка


