Мінск 12:53

Шэсць крымінальных спраў распачата па фактах атрымання хабару прадстаўнікамі дзяржарганізацый — пракуратура

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

5 лютага, Позірк. Па фактах атрымання хабару (ч. 1 і 2 арт. 430 КК) службовымі асобамі дзяржаўных арганізацый, у тым ліку дарожна-будаўнічых, распачата шэсць крымінальных спраў, паведаміла 5 лютага прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, “грошы перадаваліся падазраваным за спрыяльнае вырашэнне пытанняў пра выбар у рамках працэдур закупкі канкрэтнага прадпрыемства ў якасці пастаўшчыка камплектуючых для абслугоўвання дарожна-будаўнічай тэхнікі, заключэнне з ім адпаведных дагавораў і іх аплаце; бесперашкоднае прыняццё выкананых работ, падпісанне актаў здачы-прыёмкі выкананых будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ, забеспячэнне іх аплаты ды іншае садзейнічанне”.

Адзначаецца, што сумы хабару складалі да 12 тыс. рублёў.

Паводле даных ведамства, “віна службовых асоб у здзяйсненні карупцыйных злачынстваў пацверджаная сярод іншага матэрыяламі даследчай праверкі, вынятымі першаснымі ўліковымі дакументамі, банкаўскімі звесткамі і данымі бухгалтарскага ўліку”.

Паведамляецца, што “падазраваныя цалкам прызналі факты хабарніцтва і абавязаліся кампенсаваць атрыманы злачынным шляхам даход”.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы накіраваныя ў Следчы камітэт, ход расследавання кантралюе Генпракуратура.

11 снежня 2025 года старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Арцём Ігнаценка паведаміў, што на долю транспарту і будаўніцтва прыпадае прыкладна 10% карупцыйных злачынстваў, што здзяйсняюцца ў краіне.

Даведка “Позірку”. Згодна з ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса атрыманне хабару караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 7 гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Згодна з ч. 2 таго ж артыкула, атрыманне хабару паўторна, або шляхам вымагальніцтва, або групай асоб з папярэдняй змовы, або ў буйным памеры караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Буйным прызнаецца памер, які ў 250 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, вызначаны на дзень здзяйснення злачынства (з 2026 года базавая велічыня складае 45 рублёў, у 2025-м — 42).

Падзяліцца: