Мінск 12:24

МАЗ у абыход санкцый закупляе прадукцыю ваенпрама ў Кітаі і КНДР — расследаванне

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

6 лютага, Позірк. Пра чарговы факт выкарыстання беларускімі кампаніямі разгалінаваных сетак пасярэднікаў для абыходу заходніх санкцый паведаміў польскі партал Defence 24 са спасылкай на інфармацыю аналітычнага праекта OSINT*.

Паводле звестак расследвальнікаў, такім чынам беларускія прадпрыемствы атрымліваюць камплектуючыя з Кітая і Паўночнай Карэі для вайсковай прамысловасці Беларусі і Расіі.

У публікацыі гаворыцца, што адну з ключавых роляў у гэтых схемах адыгрывае Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), які пасля ўвядзення санкцый яшчэ больш цесна інтэграваўся з расійскім абаронным сектарам.

Паведамляецца, што паводле звестак украінскай выведкі, больш за 80% беларускіх кампаній цяпер выконваюць заказы, звязаныя з расійскай вайсковай вытворчасцю. Для падтрымання паставак беларускія заводы стварылі сістэму закупкі кампанентаў абмежаванага доступу праз кітайскіх пасярэднікаў, што дазваляе фармальна “зачышчаць” здзелкі і хаваць іх сапраўднае ваеннае прызначэнне.

OSINT ідэнтыфікаваў аднаго з удзельнікаў гэтай схемы як Аляксея Адамовіча, даўняга супрацоўніка МАЗ, які ў 2023 годзе заняў пасаду камерцыйнага дырэктара ў Міханавіцкім лагістычным цэнтры (Мінскі раён). Паводле звестак расследвальнікаў, гэтая арганізацыя “афіцыйна функцыянуе як стандартны лагістычны цэнтр, але на практыцы служыць цэнтрам закупак для вытворчых ліній МАЗ”.

Адзначаецца, што “такая структура дазваляе заключаць кантракты наўпрост з МАЗам, што неадкладна прывядзе да далейшых санкцый”. “Сярод іншага, перапіска Адамовіча выявіла кантракты на пастаўку вайсковых кампанентаў, замаскіраваных пад грамадзянскія дэталі”, — гаворыцца ў расследаванні.

Паводле інфармацыі партала, адным з галоўных партнёраў з’яўляецца расійскі завод УралАЗ, які вырабляе цяжкія ваенныя грузавікі і браняваныя машыны з супрацьміннай абаронай, вытворчасць гэтых машын у значнай ступені залежыць ад імпартных камплектуючых, у прыватнасці, з Кітая.

Расследвальнікі выявілі прапановы аб стварэнні кітайскага філіяла ў СЭЗ “Мінск”, што яшчэ больш аблегчыла б абыход абмежаванняў. Як адзначаецца, “матэрыялы, падрыхтаваныя для расійскага рынку, адкрыта ўказвалі на тое, што прапанаваная прадукцыя прызначаная для вайсковага ўжывання”.

Звяртаецца ўвага, што Адамовіч таксама меркавана быў датычны да арганізацыі закупак для МАЗа ў Паўночнай Карэі. Паводле звестак аналітыкаў, беларускі вытворца замаўляў буйныя партыі дэталяў у кампаніі “Часон Кенхун 1”, якая базуецца ў Пхеньяне, уключаючы сістэмы рулявога кіравання, электронныя модулі, кампаненты падвескі і выхлапной сістэмы.

Падкрэсліваецца, што “хоць Адамавіч падтрымліваў прамы кантакт з прадстаўніком паўночнакарэйскай кампаніі, фармальныя кантракты заключаліся праз кітайскага пасярэдніка, кампанію Shenyang Raimond Industrial Co., якая працуе ў рэгіёне і лічыцца цэнтрам незаконных аперацый з удзелам КНДР”.

Аналітыкі адзначаюць, што гэта не адзінкавыя выпадкі, а частка наяўнага супрацоўніцтва, якое парушае рэзалюцыі 2375 і 2397 Савета бяспекі ААН, якія забараняюць любыя камерцыйныя адносіны з паўночнакарэйскімі дзяржаўнымі структурамі.

Супрацоўніцтва Пекіна з афіцыйным Мінскам у вайсковай сферы ўяўляе пагрозу стабільнасці еўрапейскага рэгіёну, адзначаецца ў дакладзе “Роля Кітая ў мілітарызацыі эканомікі Беларусі і падтрымцы рэжыму Лукашэнкі”, які 15 лістапада мінулага года прадставіла аб’яднанне BelPol.

Аўтары адзначылі, што дакумент з’яўляецца працягам серыі іх матэрыялаў, “прысвечаных мілітарызацыі Беларусі, а таксама ўдзелу і ролі рэжыму Лукашэнкі ў падрыхтоўцы і вядзенні агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”. Даклад змяшчае “55 спасылак на крыніцы інфармацыі, з якіх 46 — дакументальныя доказы”.

BelPol неаднаразова прадстаўляў даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага ваенна-прамысловага комплексу.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

* OSINT (Open Source Intelligence, даслоўна: адкрытыя крыніцы інфармацыі) — гэта працэс збору і аналізу агульнадаступных даных для ацэнкі пагроз, прыняцця рашэнняў або атрымання адказаў на канкрэтныя пытанні.

Падзяліцца: