Мінск 16:01

Дэмсілы сёння робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава — Ціханоўская

Трансляцыя слуханняў у КР / стоп-кадр: "Позірк"

7 лютага, Позірк. Беларускія дэмакратычныя сілы сёння “робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава: вырашаць праблемы сваіх грамадзян, абараняць іх правы і адстойваць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне”, заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 7 лютага на слуханнях у Каардынацыйнай радзе (КР).

Паводле яе слоў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць усё наадварот: “Ён пераследуе сваіх грамадзян і заганяе краіну ў ізаляцыю”. “Улада клапоціцца не пра людзей, а пра самую сябе. Яна трымаецца на страхе і рэпрэсіях. Беларусы ў краіне і ў замежжы не адчуваюць ні павагі з боку ўлады, ані упэўненасці ў заўтрашнім дне”, — лічыць дэмлідар.

“Раней была така фраза: “Уходя, гасите свет”, — адзначыла Ціханоўская ў кантэксце нядаўняй ініцыятывы Лукашэнкі пра карэктаванне часу вулічнага асвятлення, якая, паводле яе слоў, паставіла пад пагрозу жыцці людзей. — Будзем лічыць, што гэта тонкі намёк на непазбежны сыход дыктатара, а разам з ім — усёй яго бесчалавечнай сістэмы”.

“Калі гэта адбудзецца, беларусы ўздыхнуць з палёгкай, і сумаваць па дыктатары ніхто не будзе. І гэта не сакрэт, што многія чыноўнікі за спіной называюць Лукашэнку дзедам і жартуюць пра яго “сінія пальцы”, — дадала яна.

Палітык заклікала дэмсілы рыхтавацца да “непазбежнага транзіту ўлады ў Беларусі, бо калі гэта адбудзецца, ад іх еднасці і здольнасці самаарганізавацца будзе залежыць, як краіна будзе рухацца далей”.

На погляд дэмлідара, існуе верагоднасць, што хутка будзе падпісанае мірнае пагадненне датычна вайны ва Украіне. Тады “ўвага ізноў вернецца да Беларусі” і “адчыняцца новыя магчымасці”, лічыць яна. Ціханоўская заклікала скарыстацца імі не для “умацавання залежнасці ад Расіі”, а для дэмакратычных зменаў.

“Многія ўнутры сістэмы падзяляюць нашы погляды і гатовыя з намі дамаўляцца. Яны злуюцца, што Лукашэнка страціў суб’ектнасць, цалкам залежыць ад Расіі і вядзе краіну ў тупік”, — заявіла палітык у гэтым кантэксце.

У выпадку, калі будзе не замірэнне, а эскалацыя канфлікту з магчымым уцягваннем у яго Беларусі, на думку Ціханоўскай, “таксама шмат будзе залежыць ад еднасці дэмакратычных сіл”.

Падзяліцца: