Мінск 11:16

Беларускія парламентарыі сабраліся ў Вену на зімовае пасяджэнне ПА АБСЕ

Ілюстрацыйнае фота: Sarah Crozier / АБСЕ

10 лютага, Позірк. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу плануе ўзяць удзел у 25-м зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое пройдзе 19–20 лютага ў Вене (Аўстрыя), сведчыць расклад на сайце Палаты прадстаўнікоў.

Як вынікае з інфармацыі на рэсурсе ніжняй палаты парламента, сфармаваная беларускім бокам пастаянная дэлегацыя пры ПА АБСЕ складаецца з шасці пастаянных членаў і шасці іх намеснікаў.

У летняй сесіі ПА АБСЕ ў 2025 годзе ў Партугаліі, а таксама ў папярэднім зімовым пасяджэнні ў Вене бралі ўдзел кіраўнік дэлегацыі, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў і адзін з намеснікаў яе пастаянных членаў — член камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо.

ДзяржСМІ паведамлялі, што на апошняй летняй сесіі Рачкоў на сустрэчы са старшынёй ПА АБСЕ “звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння паўнапраўнага ўдзелу беларускай дэлегацыі ва ўсіх статутных мерапрыемствах Асамблеі”.

На зімовым пасяджэнні ў лютым 2025 года Румо заклікаў дзяржавы АБСЕ адмовіцца ад выкарыстання “аднабаковых прымусовых захадаў, якія супярэчаць яе духу і прынцыпам”.

У 2024-м беларускай дэлегацыі было адмоўлена ва ўездзе ў Румынію, дзе праходзіла 31-я штогадовая сесія ПА АБСЕ (29 чэрвеня — 3 ліпеня).

Прэс-сакратар МЗС Румыніі Раду Філіп тады заявіў, што ўлады прынялі рашэнне “не дапусціць расійскую дэлегацыю да ўдзелу ў штогадовай сесіі ПА АБСЕ”, “гэтая ж мера будзе ўжытая і да дэлегацыі Рэспублікі Беларусь”.

Паводле яго слоў, рашэнне заснаванае на “вядомай і паслядоўнай пазіцыі Румыніі ў дачыненні да РФ у кантэксце працяглай агрэсіўнай вайны супраць Украіны”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка 19 траўня 2024 года заявіў, што ніжняя палата беларускага парламента мае намер працаваць з ПА АБСЕ, “даводзіць сваю пазіцыю, выказваць свой пункт гледжання на тыя працэсы, якія сёння адбываюцца ў міжнароднай супольнасці”.

Абедзве палаты парламента Беларусі, які не прызнаюць дэмакратычныя краіны, сфармавалі склады дэлегацый “па ажыццяўленні кантактаў з еўрапейскімі парламенцкімі арганізацыямі”, у тым ліку ПА АБСЕ, 30 красавіка 2024-га.

На зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ на пачатку таго года ў Вене дэлегацыя Нацыянальнага сходу (папярэдняга склікання) зладзіла дэмарш праз удзел у мерапрыемствах беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Перад выступленнем палітыка на пасяджэнні камітэта асамблеі па пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях 22 лютага прадстаўнікі афіцыйнага Мінска — дэпутат Андрэй Савіных і амбасадар у Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас — пакінулі залу.

У ліпені 2017 года 26-я штогадовая сесія ПА АБСЕ праходзіла ў Мінску.

Падзяліцца: