Мінск 13:06

На MSC-2026 Ціханоўская будзе казаць пра неабходнасць падтрымкі Беларусі, адрознення беларусаў ад рэжыму

Святлана Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў 2023 годзе
Архіўнае фота: прэс-служба Ціханоўскай

10 лютага, Позірк. Неабходнасць адрозніваць беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі; падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, тым самым інвестуючы ў бяспеку рэгіёна; не успрымаць краіну “шэрай зонай”, праз якую РФ пашырае пагрозу, — гэтыя тэзы беларускі дэмакратычны лідар прадставіць на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (MSC) у 2026 годзе.

У тэлеграм-канале палітыка пазначана, што яна далучыцца да MSC 12–15 лютага (афіцыйныя даты правядзення 62-й MSC — 13–15 лютага).

Галоўнымі тэмамі для краіны на сёлетнім форуме названыя “ўвага да Беларусі ў агульнай архітэктуры ейрапейскай бяспекі”, “спыненне рэпрэсій і шляхі вызвалення палітвязняў”, “павелічэнне ціску на рэжым, але не на беларусаў”, “падтрымка для незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці, дыяспары, праваабаронцаў”.

“Бяспека ў нашым рэгіёне сёння вырашаецца праз вельмі канкрэтныя рашэнні: падтрымка Украіны, стрымліванне Расії, супрацьдзеянне гібрыдным пагрозам, ціск на аутарытарныя рэжымы. Беларусь у гэтай карціне не другасная тэма, а важны элемент рэгіянальнай бяспекі, — гаворыцца ў паведамленні. — Рэжым выкарыстоўвае нашую тэрыторыю як інструмент для вайсковага і палітычнага ціску, і гэта уплывае на бяспеку ўсёй Еўропы. Таму пазіцыя і голас беларускага народа павінны гучаць на такіх важных і уплывовых пляцоўках, як Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы”.

Як адзначаецца на сайце форуму, удзел ужо пацвердзіла каля 50 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў “з усяго свету”. У іх ліку лідары большасці еўрапейскіх краін, а таксама вялікая дэлегацыя федэральнага ўрада Германіі на чале з канцлерам Фрыдрыхам Мерцам.

Сярод тэм, якія будуць абмяркоўвацца, значацца еўрапейская бяспека і абарона, будучыня трансатлантычных стасункаў, адраджэнне шматбаковай супрацы, канкурэнтныя канцэпцыі глабальнага парадку, рэгіянальныя канфлікты і наступствы тэхналагічнага прагрэсу для бяспекі.

Беларускі дэмлідар удзельнічае ў MSC з 2022 года. Пазалетась экспертная ініцыятыва iSANS арганізавала ў рамках канферэнцыі круглы стол па Беларусі.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (Münchener Sicherheitskonferenz, Munich Security Conference) — штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца ў Мюнхене (адміністрацыйны цэнтр Баварыі, поўдзень Германіі) з 1963 года.

Падзяліцца: