Лукашэнка даручыў да канца года мець “свае хадавыя боепрыпасы”

10 лютага, Позірк. Вытворчасць боепрыпасаў у Беларусі стала асноўнай тэмай сабранай Аляксандрам Лукашэнкам 10 лютага нарады па пытаннях аснашчэння Узброеных сіл і развіцця вайскова-прамысловага комплексу, вынікае з паведамлення прэс-службы палітыка.
Адзначаецца, што ў ліку ўдзельнікаў сустрэчы прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, старшыня КДК Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’еры Віктар Каранкевіч і Анатоль Сівак, міністр абароны Віктар Хрэнін, міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.
Лукашэнка заявіў, што “нарада носіць закрыты характар, бо шмат канфідэнцыйных пытанняў”. “Але галоўнае пытанне — як ідзе стварэнне магутнасцей па вытворчасці боепрыпасаў? Налета, нават да канца гэтага года, мы павінны мець свае боепрыпасы. Хадавыя боепрыпасы”, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў палітыка, на вайне ва Украіне “вельмі эфектыўна сябе зарэкамендавалі ўстаноўкі “Град” — былая “Кацюша” ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. “Яны тады вельмі сур’ёзна дапамаглі нам. І сёння гэтыя ўстаноўкі кшталту “Град” адыгрываюць вялікую ролю на полі бою”, — адзначыў спікер.
Спаслаўшыся на вялікі расход снарадаў для артылерыйскіх установак падчас ваенных дзеянняў, Лукашэнка заявіў, што менавіта таму было прынятае рашэнне пра будаўніцтва ў Беларусі “адпаведных вытворчасцей, якія маглі б выпусціць дастатковую колькасць боепрыпасаў”.
“Ніякага сакрэту тут няма. Я гэта не хаваю. Вы бачыце, што робіцца ў Заходняй Еўропе, — найбуйнейшыя кампаніі Еўропы ўсё ў большай колькасці вырабляюць боепрыпасы”, — сказаў ён.
Адначасова спікер нагадаў, што некалі стаяла пытанне пра ўласную вытворчасць патронаў, цяпер яно ўжо вырашанае. “Гранатамёты будуць мець сваё месца ў любым баі, асабліва ў нас у сувязі з тымі прыроднымі ўмовамі, якія мы маем. Таму стрэлы для гранатамётаў павінны быць свае”, — падкрэсліў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што “нарошчванне вайсковай кампаненты” ля межаў Беларусі (“асабліва з боку Польшчы”) “не проста насцярожвае”.
“Мы разумеем, што гэта проста так не робіцца, — сцвярджае ён. — Людзі грошы проста так на танкі і боепрыпасы не трацяць. Таму ў свой час мною было прынятае рашэнне з улікам спецыяльнай ваеннай аперацыі Расійскай Федэрацыі (так афіцыйныя Масква і Мінск называюць расійскую агрэсію ва Украіне. — “Позірк”.) заняцца ўмацаваннем нашай абараназдольнасці яшчэ ў больш сур’ёзных маштабах”.
Летась у студзені аб’яднанне BelPol выпусціла расследаванне, у якім сцвярджалася, што шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў уцягнуты ў масавую вытворчасць снарадаў для расійскага войска.
Сярод прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці снарадаў калібраў 122 і 152 мм, называліся Беларускі аўтамабільны завод і завод БАЗцьюб (абодва — Жодзіна, Мінская вобласць), Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць), Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання (БАТЭ, Мінская вобласць), завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць), Завод дакладнай электрамеханікі (Мінск).
Адзначалася, што таксама ў “схему ўваходзяць” прадпрыемствы “Гомсельмаш”, Гомельскі завод ліцця і нармаляў, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, ААТ “ММЗ імя Вавілава”, Аршанскі інструментальны завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі (Мінская вобласць), холдынг “ААТ “Гарызонт” “Амкадор”, ААТ “Тэрмапласт” (усе — Мінск), Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць).
Напрыканцы мінулага года аб’яднанне BelPol паведаміла пра будаўніцтва на падставе сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі ля вёскі Паўлаўка Слуцкага раёна Мінскай вобласці завода па вытворчасці рэактыўных снарадаў для РСЗА “Град” і артылерыйскіх снарадаў калібра 155 мм. Заканчэнне будаўніцтва, паводле звестак аб’яднання, запланаванае на снежань 2026 года.
Назва прадпрыемства — закрытае акцыянернае таварыства “Завод карпусных вырабаў”. Гэтая юрыдычная асоба была зарэгістраваная 16 лістапада 2023 года Слуцкім райвыканкамам. Акцыянеры — прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу ЗАТ “Завод дакладнай электрамеханікі” і ААТ “ВолатАвто”.
Асноўным беларускім вытворцам патронаў з’яўляецца Дзяржаўнае знешнегандлёвае унітарнае прадпрыемства “Белспецзнештэхніка”.

- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваМінулай ноччу перакрытыя тэмпературныя антырэкорды больш чым 40-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ 2025 годзе арганізацыі спажыўкааперацыі набылі ў насельніцтва 367 тыс. т другаснай сыравіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБелстат: Інфляцыя ў студзені 2026 года склала 0,5%, у гадавым вымярэнні цэны выраслі на 6,4% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка


