Аблвыканкамы да 1 сакавіка павінны падрыхтаваць планы ўкаранення робатаў на вытворчасці — міністр эканомікі

11 лютага, Позірк. Рабатызацыя — адзін з асноўных фактараў “павышэння тэхналагічнасці эканомікі ў новай пяцігодцы”, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар на форуме “Тэхналагічны суверэнітэт: ІТ-рэсурс для прамысловасці”, які праходзіць 11 лютага ў Мінску.
“Дзеля гэтага адпаведныя паказчыкі заклалі ў галіновыя і рэгіянальныя праграмы на пяцігодку, — цытуе чыноўніка яго прэс-служба. — Рэгулятарам і аблвыканкамам дадзена даручэнне ўжо да 1 сакавіка падрыхтаваць планы мерапрыемстваў па ўкараненні робатаў [на вытворчасці]”.
Важным напрамкам ён таксама назваў “развіццё ўласнай вытворчасці робатаў і іх інжынірынгу”: “Сёння ў нас фармуюцца кампетэнцыі для вытворчасці дакладных рэдуктараў, сервапрывадаў, мікраэлектронікі і іншых кампанентаў, неабходных для стварэння айчыннага робата. Практыка паказала, што “жалеза” займае ў кошце робататэхнічнай сістэмы 20-30%. Асноўнае — праграмнае забеспячэнне і веданне таго, як ўвязаць робата ў тэхналагічны працэс. Гэта значыць інжынірынг”.
На думку Чабатара, у Беларусі ёсць адпаведныя веды, якія трэба “працягваць развіваць на базе Парка высокіх тэхналогій”.
У далейшым, лічыць чыноўнік, неабходна паслядоўна развіваць айчынную вытворчасць камплектуючых.
Таксама міністр нагадаў пра “існуючыя стымулы” для прадпрыемстваў, якія распрацоўваюць альбо ўкараняюць у свае вытворчыя працэсы робататэхніку.
17 кастрычніка 2025 года на адкрыцці Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава “ўкладвае і будзе ўкладваць сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных напрамкаў — робататэхнікі, нанаэлектронікі, складаных саманавучальных сістэм і іншых абласцей навукі“.
31 снежня таго ж года, наведваючы холдынг “Гарызонт“, ён у якасці аднаго з прыкладаў “перспектыўных і важных распрацовак” аб’яднання назваў аўтаматызаваную даільную ўстаноўку на аснове рабатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту, макет якой яму прадставілі.
Як адзначала прэс-служба палітыка, прадукт “пакуль не гатовы да масавай вытворчасці, але працэс ідзе“. Распрацоўкай апарата на прадпрыемстве“заняліся ініцыятыўна”.
“Зробіце — не пашкадуем нічога для вас, — заявіў тады Лукашэнка. — Таму што для нас гэта важна… Калі, мужыкі, вы гэта зробіце, вы зробіце вялікую справу. Нам патрэбны вынік”.
У гэты ж дзень урад зацвердзіў шэраг дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. Сярод іх — “Навука для эканомікі і грамадства”, мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і развіццё высокатэхналагічных галін, уключаючы касмічную дзейнасць, атамную энергетыку, біябяспеку, робататэхніку і мікраэлектроніку. Аб’ём фінансавання праграмы складае 579 млн рублёў.
Як заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын на выставе “Інапрам. Беларусь” 29 верасня 2025 года ў Мінску, робататэхніха з’яўляецца адным з шасці “перспектыўных напрамкаў” развіцця айчыннай прамысловасці,.
Паводле яго слоў, урад ставіць перад ёй мэту дасягнуць “сярэднесусветнага ўзроўню рабатызацыі — каля 150 робатаў на 10 тыс. работнікаў”. Для яе рашэння спатрэбіцца “інтэграваць у вытворчасць дзясяткі тысяч робатаў”.
У сувязі з гэтым прэм’ер-міністр прапанаваў “на прыкладзе паспяховай сумеснай працы па стварэнні саюзнага станка“ з Расіяй разгарнуць аналагічную працу па стварэнні “саюзнага прамысловага робата“.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаУ Адзіным рэестры пустуючых дамоў Беларусі каля 49 тыс. будынкаў — Дзяржкаммаёмасць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі штогод больш за 300 дзяцей захворваюць на рак, які часта выяўляецца ў запушчанай стадыі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені 2026 года з несезонных тавараў найбольш падаражэлі цыгарэты, газеты і памада (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства

