Мінск 03:03

У 2025 годзе колькасць спраў аб неплацежаздольнасці і банкруцтве знізілася ў 1,5 раза — Мінэканомікі

Ілюстрацыя: freepik.com

12 лютага, Позірк. Колькасць суб’ектаў гаспадарання, у дачыненні да якіх эканамічныя суды адкрылі справы аб неплацежаздольнасці і банкруцтве, знізілася ў 2025 годзе ў 1,5 раза ў параўнанні з 2024 годам, заявіў дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкруцтве Мінэканомікі Юрый Тараканаў.

За 2025 год колькасць спраў, адкрытых у дачыненні да юрыдычных асоб, склала 722 (годам раней — 1.062), індывідуальных прадпрымальнікаў — 130 (196).

Больш за ўсё спраў — 404 — было адкрыта ў Мінску (613 годам раней). У Мінскай вобласці іх колькасць склала 156 (209), у Брэсцкай — 76 (113), Магілёўскай — 52 (65), Гродзенскай — 40 (67), Віцебскай — 39 (88).

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, на якую спасылаюцца ў Мінэканомікі, у 2025 годзе ў эканамічныя суды паступіла 62.792 іскавых заявы, з іх заяў па ўрэгуляванні неплацежаздольнасці — 1.067 (1,7% агульнай колькасці).

На аптовы і раздробны гандаль прыпала 41,8% агульнай колькасці адкрытых спраў аб неплацежаздольнасці і банкруцтве (43,3% годам раней), транспартную дзейнасць — 14,4% (11,5%), будаўніцтва — 10,4% (12,2%), апрацоўчую прамысловасць — 5,4% (5,1%).

Лік завершаных спраў аб неплацежаздольнасці і банкруцтве за 2025 год склала 176 (140 годам раней) у дачыненні да ІП і 804 (522) — у дачыненні да юрыдычных асоб.

У сувязі з завяршэннем спраў аб банкруцтве (ліквідацыйнай вытворчасці) з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за 2025 год было выключана 176 ІП (130) і 761 юрыдычная асоба (487).

На 31 снежня 2025 года 106 ІП (139) і 924 юрыдычныя асобы (1.024) знаходзіліся ў працэдурах неплацежаздольнасці і банкруцтва (ахоўны перыяд, конкурсная вытворчасць, санацыя, ліквідацыйная вытворчасць).

Працэнт уцягвання маёмасці даўжнікоў у гаспадарчы абарот вырас з 58,6% у 2024 годзе да 84,8% у 2025-м.

23 снежня 2025 года Эканамічны суд Мінска вынес “вызначэнне аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці” ў дачыненні да незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Выплаціць яе “даўгі” (1,1 млн рублёў) суд абавязаў былога дырэктара Дзмітрыя Наважылава і былога намесніка дырэктара Андрэя Аляксандрава, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Падзяліцца: