Мінск 14:26

Літоўскія мытнікі спынілі нелегальны ўвоз цыгарэт у пасажырскім аўтобусе з Беларусі

Фота: Мытны дэпартамент пры Мінфіне Літвы

13 лютага, Позірк. Нелегальны ўвоз цыгарэт у пасажырскім аўтобусе, што рухаўся з Беларусі, спынілі супрацоўнікі Вільнюскай тэрытарыяльнай мытні, паведаміў 13 лютага Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў Літвы.

Паводле інфармацыі ведамства, незаконны груз быў знойдзены ўдзень 10 лютага ў пункце пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог). Двое кіроўцаў аўтобуса Yutong — грамадзяне Беларусі — заявілі, што не вязуць нічога забароненага.

“Аднак супрацоўнікі звярнулі ўвагу, што ў аўтобусе ўсяго сем пасажыраў (звычайна аўтобусы перапоўненыя) і вырашылі пільна праверыць транспартны сродак, — гаворыцца ў паведамленні. — Падчас дэталёвага агляду ў нішы столі спальнага месца для кіроўцаў былі знойдзены пакункі з кантрабанднымі цыгарэтамі. Дадатковая праверка з дапамогай рэнтгена паказала яшчэ больш схованак — пад ашалёўкай, у падлозе аўтобуса, столі ды іншых паражнінах”.

Агулам было выяўлена 2,5 тыс. пачкаў цыгарэт NZ Gold, кошт якіх з улікам падаткаў складае 12.375 еўра.

Вільнюскі аддзел Мытнай крымінальнай службы распачаў папярэдняе расследаванне па факце кантрабанды.

Кіроўцам аўтобуса на падставе рашэння акруговага суда прызначаная мера стрымання — “выемка дакументаў, пісьмовае абавязацельства не пакідаць краіну і адзначацца ў паліцэйскім участку”.

Падзяліцца: