Мінск 16:35

У Мінску працягваецца ліквідацыя наступстваў аварый на кантактнай сетцы для грамадскага электратранспарту

Ілюстрацыйнае фота: Marcela / wikimedia.org

13 лютага, Позірк. У сталіцы працягваюць фіксаваць выпадкі парушэння працы кантактнай сеткі, што прыводзіць да спынення грамадскага электратранспарту, паведамляе прадпрыемства “Мінсктранс”.

Прэс-сакратар арганізацыі Алена Грамыка паведаміла, што праз складаныя ўмовы надвор’я, падвышэнне тэмпературы навакольнага паветра, выпадзенне ападкаў і асяданне салянага туману “адзначаюцца прабоі ізаляцыі кантактнай сеткі”.

“За ўчорашні дзень зафіксавана 58 выпадкаў, у выніку якіх адбылося спыненне руху тралейбусаў”, — заявіла яна.

Паведамленні ў тэлеграм-канале прадпрыемства сведчаць, што перабоі ў працы сталічнага электратранспарту назіраліся з раніцы 13 лютага — адбылося маштабнае спыненне руху тралейбусаў.

У 10:00–10:29 на пр. Пушкіна (прыпынак “Чыгладзэ”) у абодвух напрамках перасталі хадзіць тралейбусы № 10, 14, 39, 77.

У 11:14–11:40 на вул. Гурскага і вул. Уманскай у абодва бакі не маглі рухацца тралейбусы № 39, 53.

У 11:30–12:08 спыніўся рух па тралейбусных маршрутах № 7, 9, 44 на вул. Кальварыйскай і вул. Гусоўскага — у абодвух напрамках.

У 12:20–13:10 на вул. Чыгуначная і пр. Жукава ў абодвух напрамках перастаў хадзіць тралейбус № 64.

З 13:47 на вул. Кальварыйскай і вул. К. Цэткін у кірунку вакзала спыняўся рух тралейбусаў № 7, 44.

Падзяліцца: