Мінск 14:58

Падвышаны праз неспрыяльныя з’явы надвор’я ўзровень небяспекі падоўжаны на 15 лютага

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

14 лютага, Позірк. На 15 лютага па ўсёй Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі праз неспрыяльныя з’явы надвор’я, вынікае з інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ведамства паведамляе, што ў апошні дзень гэтага тыдня на большай частцы Беларусі чакаецца рэзкае пахаладанне, на дарогах захаваецца галалёдзіца.

Паводле даных Белгідрамета, на якія спасылаецца МНС, тэмпература паветра ў Гомельскай вобласці ўначы складзе -7…-12 градусаў, а ўдзень — -4…-9, у Брэсцкай — адпаведна -7…-14 і -4…-9, Магілёўскай — -12…-17 і -6…-11, Гродзенскай і Мінскай — -12…-21 і -6…-11, Віцебскай — -12…-23 і -8…-13.

Такія ўмовы надвор’я, адзначае міністэрства, могуць прывесці да паслаблення імунітэту, павелічэння захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі, траўмаў, а таксама пашкоджання ліній сувязі і электраперадачы, цяжкасцяў у руху транспарту, павелічэння верагоднасці ўзнікнення дарожна-транспартных здарэнняў.

Жыхарам Беларусі ў гэтых умовах рэкамендавана “займацца ўмеранымі фізічнымі нагрузкамі, зважаць на час сну, перамяшчацца асцярожна, адмовіцца ад шкодных звычак, устрымацца ад паездак па горадзе на асабістым транспарце”.

На 13 лютага аранжавы ўзровень небяспекі быў абвешчаны па ўсёй Беларусі праз моцны туман, на 14-га — праз галалёдзіцу.

Падзяліцца: