Мінск 03:54

Лукашэнка баіцца быць забітым у выпадку паўторнага няўдалага ўварвання войскаў РФ з Беларусі ва Украіну — Фейгін

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 15 лютага 2026 года ў 13:17

Відэазапіс: "Обычное утро" / стоп-кадр: "Позірк"

14 лютага, Позірк. У пытанні расійска-ўкраінскай вайны ў Аляксандра Лукашэнкі “моцная матывацыя застацца пры сваіх, дачакацца, пакуль усё скончыцца, і ў залежнасці ад таго, хто пераможа або хто прайграе <…>, ён будзе паводзіць сябе пэўным чынам, будзе манеўраваць“. Такое меркаванне выказаў былы адвакат, цяпер праваабаронца, удзельнік платформы расійскіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Марк Фейгін у эфіры праграмы “Обычное утро“.

На яго думку, паўторнае ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну з беларускай тэрыторыі не ў інтарэсах Лукашэнкі, бо няма гарантыі, што Расія гэтым разам даб’ецца хуткага поспеху.

“Калі б гэта хутка скончылася — ён жа таксама [як і РФ у 2022 годзе] быў перакананы, што заедуць у Кіеўскую вобласць з поўначы, з тэрыторыі Беларусі і ўсё скончыцца — чаго ўжо, што здарылася, тое здарылася, Украіны больш няма. А вось паўтараць з рызыкай таго, што гэта зноў не атрымаецца і гэта цалкам развяжа рукі ўжо Украіне… Гэта значыць тое, што дзеецца ў Белгарадзе (разбурэнне энергетычнай інфраструктуры з-за ўкраінскіх удараў у адказ. — Позірк.), будзе дзеяцца ў Мінску”, — перакананы Фейгін.

“Зразумела, што беларускі народ — закладнік, нічога тут не зробіш, але ўжо ўсё: будуць знятыя любыя абмежаванні на абстрэлы яго рэзідэнцыі, на спробы забойства Лукашэнкі. І я думаю, яму гэта перадалі. Я так разумею, вайсковыя выведкі маюць зносіны, і невыпадкова палітвязняў [у снежні 2025 года] адправілі на тэрыторыю Украіны“, — мяркуе праваабаронца.

На ягоную думку, Лукашэнка “такога лёсу для сябе дакладна не хоча”. “Ён жа якраз заўсёды будзе спрабаваць пазбегнуць гэтага ўключэння [ў вайну], таму што далей ужо што? Масква ж далёка, а Мінск не так каб моцна далёка“, — патлумачыў Фейгін.

Праваабаронца, паводле яго слоў, усё больш схіляецца да таго, што “ў Масквы ж дастатковага рэсурсу, каб быць эфектыўнай, забяспечыць наступ з тэрыторыі Беларусі, не хапае“. “Цяпер ужо зусім не тая сітуацыя, што была на пачатку вайны, у сярэдзіне. Цяпер гэта напружання ўжо выклікае больш: трэба нешта перакідаць, чымсьці ахвяраваць на іншых участках фронту для таго, каб забяспечыць наступ з тэрыторыі Беларусі. Групоўка нікуды ўкраінская не дзелася, на тэрыторыі поўначы знаходзяцца значныя рэзервы, якія будуць стрымліваць гэты наступ. Яны ўжо гатовыя, гэта не 22-ы год”, — заявіў Фейгін.

Таму, мяркуе ён, пытанне паўторнага ўварвання ва Украіну з Беларусі “пакуль наўрад ці актуальнае“, “інакш яны націскалі б з гэтага боку, а не з боку Данецкай вобласці або Запарожжа і г.д.“.

Акрамя таго, на думку Фейгіна, быць больш асцярожным Лукашэнку прымушаюць пацяплелыя стасункі са Злучанымі Штатамі: “Усё ж такі гэтыя стасункі з ЗША, яны таксама маюць на ўвазе, што яму неяк патлумачылі: ты больш вось не ўцягвайся [у вайну], калі ты хочаш — тры гады хоць бы, пакуль Трамп ва ўладзе — гэта (кантакты з Вашынгтонам. — Позірк.) неяк ішло. Калі ты яшчэ раз сабе дазволіш што-небудзь (зразумела, што ад Масквы гэта бессэнсоўна патрабаваць, але ад Лукашэнкі можна), тады мы табе не дапаможам, мы цябе не выратуем. Калі яшчэ раз Буча (масавыя расстрэлы ўкраінскіх грамадзян у гэтым населеным пункце Кіеўскай вобласці расійскімі войскамі, якія ўварваліся з Беларусі, у сакавіку 2022 года. — Позірк.) паўторыцца, больш нам не тэлефануй”.

“Вось чаму важна не застацца крайнім, ён (Лукашэнка. — Позірк.) увесь час імкнецца далучыцца да пераможцы, але галоўнае — зняць з сябе адказнасць. <…> У яго зацікаўленасць шкурная, і іншай у яго няма, таму, натуральна, вядома, ён будзе спрабаваць нейкім чынам апраўдацца ў вачах пераможцы“, — мяркуе Фейгін.

Падзяліцца: