Мінск 00:46

Ціханоўская заявіла, што адчувае вялікую палёгку ад навіны аб вызваленні Статкевіча

19 лютага, Позірк. “Я адчуваю вялікую палёгку ад таго, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі і дома. Асабліва рада за Марыну [Адамовіч, жонку Мікалая Статкевіча], якая так доўга чакала і так упарта змагалася за Мікалая ўсе гэтыя гады“, — напісала ў сваім тэлеграм-канале беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, рэагуючы на навіну аб вызваленні палітвязня.

“Я шчыра зычу яму сіл, здароўя і як мага хутчэй аднавіцца пасля перанесенага інсульту. Цяпер важна, каб Мікалай атрымаў патрэбнае лячэнне, цяпло сям’і і падтрымку блізкіх“, — адзначыла яна.

“За кратамі застаюцца яшчэ не менш за 1.100 палітычных зняволеных. Усе павінны быць вызваленыя”, — заклікала Ціханоўская.

Пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна“ са спасылкай на Марыну Адамовіч.

Сваё паведамленне з сумесным фота Адамовіч размясціла ўвечары 19 лютага ў “Фэйсбуку“ не ў адкрытым доступе (у статусе “для сяброў”), аднак яно амаль адразу з’явілася ў медыяполе.

Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021-га суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прысудзіў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў рамках угоды паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. вызваленых павезлі ў Літву, Аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Яго далейшы лёс не быў вядомы. У атачэнні палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.

Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе“ ў 15-дзённы тэрмін.

У канцы лістапада “Вясна“ паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітвязень“адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было ўказана.

17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю“, прысвечанай“ дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных апанентаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і сур’ёзныя злачынствы”.

“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — Позірк.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідэрам. Туды зайшоў — на кшталту нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.

“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж такі наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца“, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.

Падзяліцца: