Мінск 18:48

У 2025 годзе насельніцтва на 40% павялічыла спажыванне электраэнергіі

20 лютага, Позірк. У 2025 годзе спажыванне электраэнергіі ў Беларусі амаль дасягнула 43 млрд кВт·г, паведаміў 20 лютага на выніковай калегіі Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь кіраўнік ведамства Дзяніс Мароз.

Паводле слоў чыноўніка, прадэманстраваны “ўстойлівы рост: насельніцтвам — на 40%, электрамабіляў у 2,2 раза (прыкладна 200 млн кВт·г), аграпрамысловым сектарам — на 17% (прыкладна 170 млн кВт·г)”.

Аб’ёмы цеплавой энергіі выраслі да 34,4 млн гігакалорый, пры гэтым спажыванне прыроднага газу знізілася да 17 млрд м³.

“Эфектыўнасць працы галіны расце: страты цеплавой энергіі пры транспарціроўцы дасягнулі рэкордна нізкага ўзроўню — 6,76%, а колькасць адключэнняў у сетцы знізілася на 25%, [да] крыху больш за 700 выпадкаў, што пацвярджае надзейнасць энергетычнага комплексу”, — падкрэсліў міністр.

За 2026–2030 гады плануецца павялічыць тэмпы рэканструкцыі электрасетак больш чым у 1,5 раза, паведаміў Мароз 11 студзеня ў эфіры дзяржТБ.

Ён адзначаў, што за названы перыяд, згодна з праграмай “Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць”, прадугледжана рэканструкцыя 17.400 км электрасетак, яшчэ 1.000 км сетак будзе адрамантавана ў межах праграмы “Камфортнае жыллё”.

Паводле яго слоў, насельніцтва ўсё часцей запытвае тэхнічныя ўмовы выкарыстання электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

“94% заяў, якія да нас паступаюць, мы ў цяперашні момант задавальняем, — сказаў міністр. — Але наш прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе на гэта звярнуў увагу: ёсць атамная станцыя, але сеткі сёння дастаткова слабыя для таго, каб гэтую энергію прадставіць да канчатковага спажыўца. Таму ў рамках дзяржаўнай праграмы мы заклалі маштабную мадэрнізацыю электрасеткавай інфраструктуры”.

Акрамя задавальнення попыту на электраэнергію рэканструкцыя сетак будзе праводзіцца для павышэння яе надзейнасці і здольнасці супрацьстаяць умовам надвор’я, заявіў Мароз.

Таксама міністр выказаўся на тэму з’яўлення трэцяга блока на Беларускай атамнай электрастанцыі: “Каб прыступіць да рэалізацыі гэтага праекта, нам неабходна падрыхтаваць пакет дакументаў. І мы пачынаем прапрацоўку пэўнага рамачнага пагаднення з дзяржкарпарацыяй “Расатам”, у якім будуць абгавораны тэхнічныя і эканамічныя ўмовы рэалізацыі дадзенага праекта. <…> Кароткатэрміновая задача — падрыхтаваць гэтае рамачнае пагадненне, а таксама падрыхтаваць і ўнесці ва ўрад план дэталёвых дзеянняў, які будзе ўключаць у сябе ўсю праграму дзеянняў усіх органаў дзяржаўнага кіравання па будаўніцтве ў Беларусі атамнага аб’екта ў выглядзе трэцяга блока на Беларускай атамнай электрастанцыі”.

Падзяліцца: