Мінск 15:15

У Польшчы затрыманы беларус, які падазраецца ў шпіянажы на тэрыторыі трох краін

Ілюстрацыйнае фота: ABW

23 лютага, Позірк. Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) Польшчы 9 лютага затрымалі “паводле падазрэння ў шпіянажы ў інтарэсах беларускай вайсковай выведкі” грамадзяніна Беларусі Паўла Т., паведаміла 23 лютага польская Нацыянальная пракуратура.

Згодна з інфармацыяй ведамства, затрыманы быў дастаўлены ў Мазавецкі філіял дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Варшаве.

Паведамляецца, што 10 лютага пракурор выставіў Т. абвінавачанне ў тым, што ў перыяд з чэрвеня 2024 года па люты 2026-га ён “на тэрыторыі Польшчы, Германіі і Літвы ўдзельнічаў у дзейнасці беларускай выведкі, ажыццяўляючы выведванне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, а таксама важных аб’ектаў для абароны Рэспублікі Польшча і альянсу НАТО” (арт. 130 § 1 КК Польшчы — “шпіянаж”).

Пасля затрымання Т. быў дапытаны ў якасці падазраванага. Пракуратура падкрэсліла, што на гэтым этапе “не раскрывае, якую пазіцыю па справе займае падазраваны”.

11 лютага суд задаволіў хадайніцтва пракурора і ўжыў да беларуса меру стрымання ў выглядзе часовага змяшчэння пад варту — на 3 месяцы.

Пракуратура адзначае, што санкцыі арт. 130 § 1 КК прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не менш як 5 гадоў. Следства “мае характар сітуацыі ў развіцці”.

Заяўлена, што затрыманне і выстаўленне абвінавачанняў Т. сталі ў тым ліку вынікам супрацы ABW з нямецкімі і літоўскімі службамі.

“Выведніцкія службы Лукашэнкі” лічацца найбольш актыўнай варожай выведвальнай арганізацыяй у Польшчы пасля Расіі. Пра гэта заявіла ў інтэрв’ю “Белсату“ 27 студзеня маёр контрвыведкі ABW у адстаўцы, супрацоўніца факультэта міжнародных стасункаў Беластоцкага ўніверсітэта Ганна Грабоўска-Сівец.

Паводле яе слоў, у Польшчы за працу на беларускую, а цяпер і на расійскую выведку, якая нясе для краіны яшчэ большую пагрозу, штогод затрымліваюць трох-чатырох беларусаў.

Падзяліцца: