Мінск 16:23

Скалалазы з Беларусі змогуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе

Ілюстрацыйнае фота на старонцы скальнага камітэта БФАіС у "Інстаграме"

24 лютага, Позірк. Пра зняццё з беларускай і расійскай федэрацый спартыўнага скалалажання дыскваліфікацыі, уведзенай у сакавіку 2022 года, паведаміла 23 лютага арганізацыя World Climbing (да 10 снежня 2025-га — Міжнародная федэрацыя спартыўнага скалалажання, IFSC).

Рашэнне прынятае на пасяджэнні выканаўчага савета ў Турыне (Італія), якое прайшло 10–11 лютага.

Пры гэтым адзначаецца, што спартсмены з Беларусі і Расіі могуць удзельнічаць у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе, а правядзенне міжнародных спаборніцтваў у абедзвюх краінах забароненае “да далейшага апавяшчэння”.

Варта адзначыць, што ў чэрвені 2023 года выканкам IFSC выступаў з заявай, з якой вынікала, што арганізацыя распачала працэс допуску спартсменаў з расійскімі, беларускімі пашпартамі да ўдзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай у нейтральным статусе з 2024 года. Аднак адпаведнае рашэнне прынятае толькі ў лютым 2026-га.

Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, на рэспубліканскім узроўні дзейнасць вядзе Беларуская федэрацыя альпінізму і скалалажання (БФАіС). Профільным структурным падраздзяленнем БФАіС з’яўляецца скальны камітэт.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі на тэрыторыю Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.

28 сакавіка 2023 года па выніках пасяджэння выканкама МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым падкрэслівалася, што атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

Падзяліцца: