Мінск 17:10

У Беларусі на гэтым тыдні праходзяць планавыя трэніроўкі па грамадзянскай абароне — МНС

Архіўнае фота: прэс-служба МНС

24 лютага, Позірк. На гэтым тыдні ў Беларусі праходзяць “планавыя трэніроўкі, прымеркаваныя да Сусветнага дня грамадзянскай абароны” (адзначаецца 1 сакавіка), паведаміла 24 лютага прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, іх мэта заключаецца ў тым, каб “падвысіць агульную гатоўнасць і бяспеку ў выпадку надзвычайных сітуацый”.

У рамках трэніровак запланаваны “запуск сістэм апавяшчэння насельніцтва; праверка гатоўнасці ахоўных збудаванняў; адпрацоўка на практыцы выдачы сродкаў індывідуальнай абароны грамадзян; навучанне правілам паводзінаў пры надзвычайных сітуацыях і атрыманні сігналаў апавяшчэння грамадзянскай абароны; навучанне навыкам аказання першай дапамогі”.

МНС заклікала грамадзян “з разуменнем паставіцца да правядзення” гэтых трэніровак.

Адметна, што пра трэніроўкі па грамадзянскай абароне было абвешчана ў дзень, калі чатыры гады таму Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, выкарыстаўшы пры гэтым у тым ліку беларускую тэрыторыю.

У апошні час у краіне (асабліва ў рэгіёнах, што мяжуюць з Украінай) рэгулярна праводзяцца праверкі сістэмы апавяшчэння насельніцтва з запускам электрасірэн.

З 16 студзеня ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл — у абыход Міністэрства абароны. Мерапрыемствы запланаваныя да вясны. 18 лютага дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў Лукашэнку пра яе далейшае правядзенне.

Паралельна з 26 студзеня з ініцыятывы Мінабароны праводзіцца “планавая” комплексная праверка боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў.

Сістэма апавяшчэння насельніцтва на гэтым тыдні будзе правераная ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях

24 лютага, Позірк. Чацвёртая ад пачатку года "планавая тэхнічная праверка" сістэмы апавяшчэння насельніцтва пройдзе 24 лютага ў Брэсцкай вобласці — з 12:00 да 13:00, вынікае з інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. "У ходзе праверкі будуць уключацца электрасірэны, пройдзе перахоп УКХ-FM …
Падзяліцца: