Мінск 01:20

Праца Савета ААН па правах чалавека становіцца правальнай, вінаваты раз’яднальны праваабарончы парадак дня — МЗС

Эмблема СПЧ ААН

24 лютага, Позірк. Праца Савета ААН па правах чалавека “усё больш і больш становіцца правальнай, ператвараецца ў фарс”. З такой заявай выступіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта на сегменце высокага ўзроўню 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека 24 лютага, паведамляе МЗС.

“Большасць дзяржаў прад’яўляе да яго ўсё больш прэтэнзій, — сказаў Сакрэта. — Задаволеныя ім толькі тыя, хто спрабуе навязаць праз яго свой рэцэпт “дэмакратыі”, якая насамрэч для іншых суверэнных краін абарочваецца хаосам і антыканстытуцыйным беспарадкам. Рэзалюцыі, што прымаюцца ў гэтай зале, на жаль, зусім не пра правы чалавека. Яны служаць зусім іншым мэтам — апраўданню санкцый, знешняга ціску, лінчаванню “нязручных дзяржаў”, падзелу свету на “дрэнных” і “добрых”.

Адносна спецыяльных дакладчыкаў і незалежных экспертаў беларускі чыноўнік заявіў, што яны “прысабечылі ролю квазіследчых і квазісудовых органаў: наўпрост умешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”.

Паводле сцвярджэння прадстаўніка Мінска, агулам ААН знаходзіцца “не ў найлепшай форме”: “Супярэчлівы і раз’яднальны праваабарончы парадак дня стаў галоўнай прычынай такога стану нашай арганізацыі. Зусім не скарачэнне фінансавання і не дзейнасць асобных дзяржаў, уключаючы Злучаныя Штаты, а менавіта раз’яднальны праваабарончы парадак дня. Бо менавіта гэты напрамак як ніякі іншы багаты на дарагія і бескарысныя мандаты”. “Ва ўмовах глыбокага фінансавага крызісу ў арганізацыі давайце шчыра прызнаем: далейшае марнаванне бюджэту ААН на механізмы, што не прыносяць практычных вынікаў, не можа быць апраўдана ні палітычна, ні фінансава, ні маральна”, — заклікаў прамоўца.

Згадаўшы рэформу ААН, беларускі чыноўнік заявіў, што “ў пагоні за аптымізацыяй пакутуюць самыя важныя напрамкі — пытанні развіцця, сацыяльныя праекты, падтрымка ўразлівых слаёў насельніцтва (дзеці, людзі сталага ўзросту, людзі з інваліднасцю)”.

Паводле яго слоў, Савет па правах чалавека мае патрэбу “не ў касметычных зменах, а ў вяртанні ўсіх краін да базавых прынцыпаў”.

Сакрэта назваў Беларусь “стабільнай дзяржавай, якая цвёрда ідзе па шляху ўстойлівага развіцця”: “Зыходзім з простага прынцыпу: правы чалавека пачынаюцца з права жыць годна, падкрэсліваю, годна — з права жыць пад мірным небам, атрымліваць якасную адукацыю, мець годны заробак, атрымліваць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу і сацыяльную падтрымку, самае галоўнае — быць упэўненым у заўтрашнім дні для сябе і сваіх дзяцей”. Пра грамадзянскія свабоды чыноўнік МЗС нічога не сказаў.

Досвед беларусаў, якія, на думку Сакрэты, “сёння адзіныя як ніколі”, паказвае, што “ніякія санкцыі не змогуць спыніць краіну, якая ўпэўнена рухаецца да дасягнення сваіх мэтаў і будуе будучыню, арыентаваную на прагрэс, стабільнасць і дабрабыт сваіх грамадзян”.

З заклікам працягнуць і ўзмацніць мандаты спецдакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і профільнай Групы незалежных экспертаў выступілі 17 праваабарончых арганізацый.

Зварот адрасаваны акрэдытаваным у Жэневе (Швейцарыя) пастаянным прадстаўнікам краін — членаў і назіральнікаў Савета ААН па правах чалавека, 61-я сесія якога праходзіць 23 лютага — 31 сакавіка.

Праваабаронцы падкрэслілі, што “працяг дзеяння гэтых розных, але ўзаемадапаўняльных мандатаў мае жыццёва важнае значэнне для рэагавання на неаслабны крызіс у галіне правоў чалавека, які працягваецца ўнутры краіны”.

У пацвярджэнне свайго тэзіса яны прывялі шэраг фактаў, што сведчаць як пра ўзмацненне палітычных рэпрэсій у Беларусі, так і пра пераслед беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.

Падзяліцца: