Мінск 10:33

Лукашэнка жадае “вывесці на новы ўзровень” стасункі Беларусі і Кувейта

Эль-Кувейт
Ілюстрацыйнае фота: Ahmad Mohammed / unsplash.com

25 лютага, Позірк. Беларусь гатовая актывізаваць “практычнае ўзаемадзеянне” з Кувейтам, што заснаванае на “шматгадовых сувязях паміж дружалюбнымі краінамі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 25 лютага спадкаемнага прынца Сабаха Халіда аль-Хамада аль-Мубарака ас-Сабаха з Нацыянальным днём.

“Перакананы, што вашая ўвага і нашыя агульныя намаганні дадуць магчымасць рэалізаваць шырокі патэнцыял двухбаковай супрацы і вывесці беларуска-кувейцкія стасункі на новы ўзровень”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Звяртаючыся да эміра Мішаала аль-Ахмеда аль-Джабера ас-Сабаха, Лукашэнка адзначыў, што Мінск цэніць “істотны ўнёсак” Кувейта ў “падтрыманне міру і стабільнасці ў рэгіёне Блізкага Усходу”, а таксама імкненне “да ўмацавання канструктыўнай міждзяржаўнай супрацы на прынцыпах раўнапраўя, дыялогу і ўзаемнай павагі”.

“Пад вашым мудрым кіраўніцтвам Кувейт дасягнуў значных вынікаў у эканамічным развіцці і падвышэнні дабрабыту грамадзян. Досвед рэалізацыі стратэгічнага плана “Бачанне Кувейта 2035″ можа служыць узорам выканання задач нацыянальнага парадку дня для многіх дзяржаў”, — лічыць віншавальнік.

У леташнім пасланні з той жа нагоды Лукашэнка заяўляў, што разлічвае на большую супрацу з Кувейтам. Аднак на працягу 2025 года ніякіх прыкметных змен у гэтым плане не назіралася.

Кувейт, што займае 17,8 тыс. кв. км (менш за палову Мінскай вобласці), дзе пражывае 4,85 млн чалавек, з’яўляецца адной з найбагацейшых дзяржаў свету. Аднак узаемны тавараабарот з гэтай краінай у 2021 годзе, паводле звестак МЗС Беларусі, складаў толькі 2,9 млн долараў (актуальную інфармацыю знешнепалітычнае ведамства не прыводзіць).

Падзяліцца: