Мінск 16:25

Ціханоўская абмеркавала з генсакратаром Савета Еўропы стажыроўкі для беларусаў

Святлана Ціханоўская і генсакратар СЕ Ален Берсэ
Фота з тэлеграм-канала беларускага палітыка

25 лютага, Позірк. Стажыроўкі для беларусаў і найбліжэйшыя планы па супрацы абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ 25 лютага ў Страсбургу (Францыя).

У тэлеграм-канале беларускага палітыка паведамляецца, што ў сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дарадцы Ціханоўскай Аляксандр Шлык, Дзяніс Кучынскі, Франак Вячорка, а таксама спікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан.

Бакі абмеркавалі працу кантактнай групы СЕ і беларускіх дэмсіл, адкрыццё Інфармацыйнага офісу СЕ для беларусаў у Вільнюсе, які “распачне працу ў найбліжэйшыя месяцы”.

На сустрэчы таксама закранулі працу дэлегацыі КР ў ПАСЕ.

Адзначаецца, што СЕ ў рамках кантактнай групы “будзе прымаць беларусаў на стажыроўкі”, “працягне праграму для беларускіх юрыстаў і адвакатаў”, а таксама “будзе працаваць над рэалізацыяй “Люксембургскіх рашэнняў”, каб палепшыць сітуацыю беларусаў у выгнанні”. Асобна ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі планы па падрыхтоўцы дарожнай карты па інтэграцыі Беларусі ў Савет Еўропы. 

Ціханоўская ўганаравала Берсэ “Крыжам Добрасуседства”. Гэта ўзнагарода Аб’яднанага пераходнага кабінета, якая ўручаецца замежным грамадзянам за асаблівы ўнёсак у развіццё стасункаў Беларусі з іншымі краінамі і падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

25 лютага дэмлідар таксама мае выступіць перад Камітэтам міністраў СЕ, узяць удзел у брыфінгу для амбасадараў, сустрэцца з генсакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, далучыцца да мерапрыемства з нагоды чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Падзяліцца: