Мінск 17:11

Ад затрыманых супрацоўнікаў ашуканскіх кол-цэнтраў пацярпела не менш за 1 тыс. грамадзян Беларусі — СК

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

25 лютага, Позірк. Вядома больш як 1 тыс. грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад супрацьпраўнай дзейнасці ашуканскіх кол-цэнтраў, супрацоўнікі якіх былі затрыманыя на мінулым тыдні, паведаміла 25 лютага прэс-служба Следчага камітэта са спасылкай на намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства СК Сяргея Гамко.

Паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрымана 55 асоб, у тым ліку дзесяць жанчын. Сярод затрыманых дзевяць замежных грамадзян. Распачатая справа паводле ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры). Цяпер абвінавачанне выстаўленае 17 асобам.

Згодна з матэрыяламі следства, на працягу пяці гадоў удзельнікі арганізаванай групы пад выглядам інвестыцыйнай дзейнасці на рынку Forex “займаліся крадзяжом грашовых сродкаў грамадзян”. Для прыцягнення ахвяр выкарыстоўваліся “метады таргетынгавай рэкламы і розныя інтэрнэт-пасткі, якія перанакіроўвалі карыстальнікаў на падкантрольныя сайты”. Агулам было знойдзена больш за 900 такіх рэсурсаў.

Насамрэч грашовыя сродкі пацярпелых “асядалі на дропаўскіх рахунках або крыптагаманцах”. Каб схаваць ашуканскую схему, на падкантрольных платформах інвестарам “даваліся падробленыя справаздачы і ілжывыя звесткі пра даходнасць аперацый, створаныя з выкарыстаннем інфаграфікі ды іншых візуальных матэрыялаў”.

Паводле слоў Гамко, у кол-цэнтраў быў адзіны цэнтр кіравання; іх дзейнасць маскавалася “пад шырмай законнай — былі зарэгістраваныя тры суб’екты гаспадарання”. Відамі іх дзейнасці былі “стварэнне рэкламы, аказанне IT-паслуг, дзейнасць тэлефонных даведачна-інфармацыйных службаў”, адзначыў ён.

Узрост супрацоўнікаў — ад 20 да 38 гадоў. Большасць з вышэйшай адукацыяй, сям’ёй. Паводле слоў Гамко, штомесячны абарот ашуканскіх кол-цэнтраў дасягаў ад 600 тыс. да 2 млн долараў.

Падчас затрымання на працоўных месцах было 192 чалавекі, яшчэ 22 затрыманыя па месцах жыхарства. Падчас 78 вобшукаў аператыўнікі вынялі камп’ютарную тэхніку, мабільныя прылады, дакументацыю і электронныя носьбіты інфармацыі. Знойдзена і вынята звыш 700 тыс. беларускіх рублёў, 11 аўтамабіляў. Накладзены арышт на 47 рахункаў “суб’ектаў гаспадарання, якія выкарыстоўваліся зламыснікамі, дзе заблакавана больш за мільён долараў ЗША”.

Два ашуканскія кол-цэнтры месціліся на тэрыторыі Мінска і мелі адзіны дыстанцыйны цэнтр кіравання. Іх функцыянаванне забяспечвалі 7 аддзелаў, якія мелі “розную спецыялізацыю па завалоданні грашыма пацярпелых”.

У штат уваходзілі “абзвоншчыкі першаснага аддзела продажаў, супрацоўнікі аддзела ўтрымання кліентаў, спецыялісты тэхнічнай і фінансавай падтрымкі, бізнес-трэнеры, HR-рэкруцёры, паліграфолагі і нават ахова”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 25 лютага начальнік 5-га ўпраўлення (па Мінску) ГУБАЗіК МУС Сяргей Новік.

“Асаблівая ўвага надавалася кадраваму адбору і канспірацыі, — адзначыў ён. — Галоўнае пытанне, якое цікавіла кіраўнікоў пры праверцы кандыдатаў на паліграфе, гучала дакладна канкрэтна: ці мае прэтэндэнт дачыненне да праваахоўных органаў. Для абароны ад нечаканых гасцей, як яны называлі супрацоўнікаў міліцыі, ва ўсіх офісах былі ўсталяваныя трывожныя кнопкі, пры націску якіх імгненна адключаліся ўсе кампутары і блакаваўся доступ да ўнутраных інфармацыйных рэсурсаў. Злачынцы былі ўпэўненыя, што такая сістэма дазволіць ім знішчыць доказы раней, чым аператыўнікі ўвойдуць у памяшканні”.

У МУС “атрымалася выкрыць самую маштабную сетку кол-цэнтраў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі”, сказаў Новік. Ён канстатаваў, што ў Беларусі на змену эмацыйнаму скамінгу (званкі ад нібыта ўнукаў або тых, хто трапіў у аварыю) прыходзяць “шматхадавыя інвестыцыйныя схемы”.

Пры такой схеме ахвяра часта не ўсведамляе падману, мяркуючы, што прайграла ў здзелках на фінансавым рынку, у якім не разбіраецца. Насамрэч “яе сродкі сыходзяць наўпрост у кішэні арганізаванай групы, якая гадамі выбудоўвала сістэму завалодання чужымі ашчаджэннямі”, заявіў прадстаўнік міністэрства.

У Мінску спынена дзейнасць міжнародных ашуканскіх кол-цэнтраў — СК

25 лютага, Позірк. Шэраг асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, затрымалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта сумесна з ГУБАЗіК МУС. Паводле інфармацыі СК, "зламыснікі стварылі больш за 800 фальшывых сайтаў, на якіх абяцалі высокі …
Падзяліцца: