Мінск 19:35

Савет Еўропы пацвярджае падтрымку імкнення да дэмакратычнай Беларусі — генеральны сакратар арганізацыі

Ален Берсэ і Святлана Ціханоўская
Фота: акаўнт Алена Берсэ ў Х

25 лютага, Позірк. Савет Еўропы “зноў заявіў аб падтрымцы імкнення да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі і працягне гэтую працу праз сваю кантактную групу“. Пра гэта напісаў у “Х” пасля сустрэчы з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, якая прайшла 25 лютага, генеральны сакратар СЕ Ален Берсэ.

Ён таксама адзначыў, што падчас сустрэчы адбыўся “прадуктыўны абмен думкамі па сітуацыі ў і вакол Беларусі, а таксама па пытаннях супрацоўніцтва Савета Еўропы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю”.

У тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай адзначаецца, што на сустрэчы абмяркоўваліся стажыроўкі для беларусаў і бліжэйшыя планы па супрацоўніцтве.

У прыватнасці, бакі абмеркавалі працу кантактнай групы Савета Еўропы і беларускіх дэмсілаў, адкрыццё інфармацыйнага офіса ре для беларусаў у Вільнюсе, які “пачне працу ў бліжэйшыя месяцы“.

На сустрэчы таксама была закранутая праца дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

25 лютага дэмлідар таксама павінна выступіць перад Камітэтам міністраў СЕ, узяць удзел у брыфінгу для амбасадараў, сустрэцца з генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, далучыцца да мерапрыемства з нагоды чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Падзяліцца: