Мінск 21:58

Выкарыстанне “пашпарта новай Беларусі” ў афіцыйных мэтах стварае сур’ёзныя прававыя рызыкі — юрыдычная ініцыятыва Partyzanka

"Пашпарт новай Беларусі"

25 лютага, Позірк. Валоданне сімвалічнымі дакументамі не з’яўляецца каральным, у прыватнасці ў Польшчы, аднак выкарыстанне іх як афіцыйных стварае сур’ёзныя прававыя рызыкі. Пра гэта папярэдзіла заснаванае ў Польшчы аб’яднанне беларускіх жанчын-праваабаронцаў і юрыстак Partyzanka.

Прычынай папярэджання стала ўзбуджэнне справы аб пазбаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы беларуса, які пры чарговай замене часовай карты пастаяннага знаходжання выкарыстаў “пашпарт новай Беларусі“.

Праваабаронцы папярэджваюць, што ў Польшчы выкарыстанне сімвалічнага дакумента (пашпарта, студэнцкага пасведчання, пасведчання кіроўцы і г.д.) як афіцыйнага можа пацягнуць крымінальную адказнасць. Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі чалавек: прад’яўляе такі дакумент як сапраўдны; выкарыстоўвае яго для пацверджання асобы; атрымлівае на яго падставе паслугі або права. Такія дзеянні, адзначаецца ў публікацыі, могуць падпадаць пад палажэнні артыкула 270 §1 Крымінальнага кодэкса Польшчы.

Да прыкладу, яго “нельга прад’яўляць у якасці пасведчання асобы (напрыклад, у натарыуса, працадаўцы, у банку); выкарыстоўваць у працэдурах легалізацыі знаходжання, у дзяржаўных органах, пры атрыманні віз і перасячэнні мяжы, афармленні крэдытаў, заключэння дагавораў. Пры гэтым “у выпадку атрымання крэдыту або пазыкі могуць узнікнуць дадатковыя крымінальна-прававыя рызыкі, у тым ліку паводле артыкула 297 §1 Крымінальнага кодэкса”.

Дакумент “можна захоўваць дома як сувенір або сімвал, паказваць сябрам або выкарыстоўваць выключна ў сімвалічным або інфармацыйным кантэксце“. Можна “рабіць і публікаваць яго фота ў якасці сувенірнага аб’екта без прававых наступстваў”.

Праваабаронцы нагадалі, што ў Польшчы для грамадзян Беларусі пры адсутнасці нацыянальнага пашпарта дзейнічаюць асобныя спрашчэнні. У прыватнасці, магчыма атрыманне польскага праязнога дакумента, а пры замене карты знаходжання па міжнароднай абароне пашпарт або праязны дакумент не патрабуецца наогул.

“Пытанне не зводзіцца да таго, “ці прыме дакумент міграцыйная служба”. Сам факт выкарыстання такога дакумента можа стаць падставай для дадатковых праверак, выкліку на інтэрв’ю, аналізу паездак і дакументаў, пачатку працэдуры пазбаўлення статусу“, — папярэджвае Partyzanka.

“У далейшым, — гаворыцца ў публікацыі, — устанаўленне факта выкарыстання такога дакумента як сапраўднага можа пацягнуць крымінальныя наступствы, негатыўны ўплыў на міграцыйны статус, рызыкі адмовы ў дазволе на знаходжанне, аргументы, звязаныя з грамадскім парадкам і бяспекай“.

Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года, іх выдача пачалася ў 2025 годзе. Ініцыятыва атрымала як станоўчыя, так і крытычныя водгукі, а кампанія — распрацоўшчык дакумента апынулася ў цэнтры скандалу.

Падзяліцца: