Статкевіч падзякаваў беларусам за падтрымку і заклікаў да вызвалення палітвязняў

1 сакавіка, Позірк. Удзячнасць беларусам за падтрымку выказаў у сваім тэлеграм-канале 1 сакавіка палітык, былы палітвязень Мікалай Статкевіч.
“Мы з [жонкай] Марынай [Адамовіч] шчыра дзякуем усім, хто віншаваў нас з маім вызваленнем, хто прапанаваў падтрымку, хто ўсе гэтыя гады падтрымліваў нас. Для нас гэта тым больш важна, бо мы ведаем, колькі намаганняў рабіў і робіць правячы рэжым для разбурэння чалавечай салідарнасці”, — адзначыў Статкевіч.
Паводле яго слоў, у няволі “спецыяльна навучаныя супрацоўнікі перыядычна казалі”, што пра яго “ўжо ўсе забыліся” і што ён “нікому там не патрэбны”.
“Я адказваў, што, калі нават гэта і так, то што гэта мяняе ў маёй пазіцыі? Але насамрэч ніколі не верыў у сваю “непатрэбнасць”, бо адчуваў вашу падтрымку — і калі лісты да мяне яшчэ даходзілі (ведаю, што многія людзі заплацілі за салідарнасць сваёй уласнай свабодай), і тады, калі апынуўся на тры гады ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Бо ваша цеплыня ахутвала мяне. І я адчуваў яе амаль фізічна”, — адзначыў ён.
“Чым больш улада баіцца “свайго” народа, тым больш яна сіл і сродкаў накіроўвае на тое, каб знішчыць салідарнасць паміж людзьмі, ператварыць іх у статак запалоханых адзіночак. Але, як мы пераконваемся цяпер, гэтыя намаганні аказаліся беспаспяховымі. Бо салідарнасць была закладзена ў нас на ўзроўні інстынктаў мільёны гадоў таму, калі нашы продкі яшчэ не былі нават пралюдзьмі. Гэтак жа, як клопат пра дзяцей, напрыклад. І ніхто не ў стане гэта разбурыць. Інакш бы мы проста перасталі быць людзьмі. Сапраўднымі людзьмі”, — падкрэсліў палітык.
Ён адзначыў, што “кожны раз так кранальна”, калі незнаёмыя людзі ў Беларусі “віншуюць, нават плачуць”, убачыўшы яго з жонкай. “Да слёз на нашых вачах”, — дадаў Статкевіч.
“Дзякуй вам, Людзі!” — напісаў экс-палітвязень.
“Але вельмі балюча хвалюе, як шмат людзей яшчэ застаюцца ў зняволенні. Памятаем пра іх, падтрымліваем іх родных, робім усё дзеля іх вызвалення! Свабоду ўсім палітвязням!” — заклікаў палітык.
Пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту Адамовіч паведаміла 19 лютага.
20 лютага прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што палітык прыняў адпаведнае рашэнне на просьбу сваякоў Статкевіча.
Апазіцыянер быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.
11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.
Яго далейшы лёс не быў вядомы. У асяроддзі палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.
Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе” ў 15-дзённы тэрмін.
Напрыканцы лістапада “Вясна” паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, паводле якога палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прыгаворам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было пазначанае.
17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных праціўнікаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і досыць сур’ёзныя злачынствы”.
“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — “Позірк”.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідарам. Туды зайшоў — нібыта на нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.
“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца”, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.
Статкевіч не мае ні медыцынскіх дакументаў, ані нават пашпарта — жонка палітыка

- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ Беларусі за год на 6,5% павялічылася плошча нявыкарыстанай дзяржмаёмасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь стала лідарам на тэрыторыі былога СССР па патанненні долара ў 2026 годзе (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаСхільныя да крэдытнай рызыкі актывы банкаў Беларусі павялічыліся ў гадавым вымярэнні на 12,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваКаляндарная зіма ў Беларусі завяршылася рэкордамі цяплаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах вырасла за год на 10,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства

