Мінск 00:02

У студзені МАЗ прадаў на рынку РФ у 2,2 раза менш новых грузавікоў, чым у снежні

2 сакавіка, Позірк. У студзені 2026 года на расійскім рынку прададзена 192 новыя грузавікі Мінскага аўтамабільнага завода. Гэта ў 2,2 раза менш, чым у снежні 2025-га (415), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).

У гадавым вымярэнні продажы знізіліся на 29,9% (у студзені мінулага года было рэалізавана 274 машыны).

Прадукцыя МАЗа ў першым месяцы года заняла пятае месца ў спісе найбольш прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, адзначаюць эксперты. У студзені, лютым і сакавіку 2025 года было шостае месца, у красавіку прадпрыемства дзяліла пятае-шостае месца, у траўні — чацвёртае, чэрвені, ліпені і жніўні — сёмае, верасні — пятае, кастрычніку і лістападзе — шостае, снежні — пятае.

Доля на рынку ў студзені склала 5,9% (у мінулым месяцы — 6,2%).

Лідарамі продажаў у справаздачным месяцы сталі КамАЗ — 1.020 (-29,1% да студзеня 2025-га), ГАЗ — 273 (-31,2%), SITRAK — 245 (-77,5%).

У 2025 годзе беларускае прадпрыемства рэалізавала на рынку РФ 3.274 грузавікі (у 2024-м — 5.719; падзенне ў 1,7 раза).

Пяцёрка лідараў рынку летась: КамАЗ (18.333; -20,7%), SITRAK (7.609; -60,7%), ГАЗ (4.698; -37,7%), SHAANXI (4.667; -70%), FAW (4.452; -61,9%).

За 2024 год МАЗ збыў у РФ 5.719 адзінак гэтай тэхнікі (за 2023-ы — 6.406; -10,7%).

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім“ і “Беллеспаперапрам“ не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта ішла размова 10 верасня 2025 года на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ. “Нягледзячы на станоўчую дынаміку тэмпаў росту экспарту, адзначаны негатыўныя тэндэнцыі па асобных таварных групах, невыкананне экспартных заданняў асобнымі дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі“, — гаварылася ў паведамленні беларускай амбасады ў Маскве.

Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня мінулага года на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў выказаў незадаволенасць тым, што на расійскі рынак “пранікаюць тавары з трэціх краін без усялякай лакалізацыі“, выцясняючы беларускую прадукцыю.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці спецыяльных ахоўных мер з-за актыўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў”.

Падзяліцца: